Мінск 16:44

МНС выкарыстоўвае авіяцыю для тушэння ляснога пажару ў Гродзенскай вобласці

Відэа: МНС Стоп-кадр: “Позірк”

3 траўня, Позірк. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла пра пажар у Гродзенскай вобласці.

Пры тушэнні пажару выкарыстоўваецца авіяцыі, адзначае ведамства.

Паводле даных МНС, гарыць “каля 30 га лесу ў раёне Парэцкага сельсавета Гродзенскай вобласці”.

Для ліквідацыі загарання накіраваны верталёт Мі-8.

У ранішняй зводцы МНС паведамляецца, што за мінулыя дзяжурныя суткі ліквідавана 15 лясных пажараў на агульнай плошчы 12 га і 59 пажараў травы і кустоў на плошчы 9 га.

Лясныя пажары зафіксаваныя ў Брэсцкай вобласці, Мінскай (па 4), Гродзенскай (3), Віцебскай і Гомельскай (па 2).

Буйны лясны пажар, як адзначаецца ў зводцы, здарыўся каля вёскі Узбярэж Гродзенскага раёна. Для яго ліквідацыі было задзейнічана 15 адзінак тэхнікі і 61 чалавек. Плошча ўзгарання склала каля 10 га.

Раней “Позірк” паведамляў, што 3 траўня толькі ў сямі раёнах Беларусі дазволена свабодна наведваць лясы.

Бесперашкодна хадзіць у лясы можна ў Хоцімскім, Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Чэрыкаўскім і Слаўгарадскім раёнах (усе — Магілёўская вобласць).

У той жа час у трох раёнах Гродзенскай вобласці — Бераставіцкім, Ваўкавыскім і Свіслацкім — па-ранейшаму дзейнічае забарона, якая цалкам выключае наведванне лясоў.

У астатніх 108 раёнах краіны ўведзеныя абмежаванні, якія азначаюць, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, аднак даступныя пешыя прагулкі і збор ягад і грыбоў.

Падзяліцца: