Мінск 14:35

Наўроцкі ўручыў Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Польшчы

Фота: канцылярыя прэзідэнта Польшчы

3 траўня, Позірк. Цырымонію ўручэння ордэна Белага Арла правёў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

Цырымонія прайшла ў Каралеўскім замку ў Варшаве і была прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Польшчы, які адзначаецца 3 траўня.

Сярод узнагароджаных ордэнам быў журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут.

Уручаючы ўзнагароду, Наўроцкі назваў Пачобута “героем і нязломным чалавекам”, пра гэта гаворыцца на старонцы польскага прэзідэнта ў “Фэйсбуку”.

Рашэнне аб узнагароджанні Пачобута ордэнам Белага Арла Наўроцкі прыняў 11 лістапада 2025 года, калі ў краіне адзначаўся Дзень незалежнасці. Паведамлялася, што ўзнагарода будзе ўручаная лаўрэату “пры першай жа магчымасці”.

Ордэн Белага Арла — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы, адзін з найстарэйшых польскіх ордэнаў. Заснаваны ў 1705 годзе.

28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”. Польскаму боку былі передадзеныя журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут (атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці), польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момент вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза (14 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў Расіі і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне“ Уладзіслава Надзейку (быў арыштаваны за перадачу ў Мінск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана (працаваў на беларускі КДБ), расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозвішча пакуль невядомае.

Падзяліцца: