Мінск 16:57

За двое сутак да прагназаваных замаразкаў МНС рэкамендавала падрыхтавацца і абараніць ураджай

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

27 красавіка, Позірк. У сувязі з аранжавым узроўнем небяспекі, які праз замаразкі абвешчаны на 29–30 красавіка, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях загадзя апублікавала шэраг рэкамендацый.

Ведамства спаслалася на прагноз Белгідрамета, у адпаведнасці з якім у ноч на 30 красавіка ў многіх раёнах краіны чакаецца паніжэнне тэмпературы паветра да 5 градусаў марозу. МНС мяркуе, што наступствамі гэтага могуць стаць пашкоджанне і гібель сельскагаспадарчых раслін.

Жыхарам Беларусі рэкамендавана ўкрыць расліны плёнкай або спанбондам, а таксама не пакідаць без укрыцця на палях бульбу і карняплоды.

Арганізацыям сярод іншага належыць “зрабіць захады папераджальнага характару па мінімізацыі наступстваў уздзеяння метэаралагічных з’яў”, “праверыць наяўнасць і гатоўнасць спецыяльнай тэхнікі і абсталявання да правядзення аварыйна-аднаўленчых работ”.

Раней Белгідрамет прагназаваў паніжэнне тэмпературы да 3–4 градусаў марозу на ночы 27, 28 і 29 красавіка.

Цяпер служба інфармуе, што “ўначы 28 красавіка (аўторак) у многіх раёнах рэспублікі чакаюцца замаразкі 0, -3°С”, а ў Мінску — “замаразкі 0..-2°С”. “Уначы 29–30 красавіка (серада-чацвер) у многіх раёнах краіны чакаюцца замаразкі 0..-5 ° С. У г. Мінску чакаюцца замаразкі -1..-3 ° С”, — гаворыцца ў прагнозе.

Такія тэмпературы, канстатаваў Белгідрамет, адпавядаюць аранжаваму ўзроўню небяспекі.

Леась 9 снежня начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна заявіла, што ў 2025-м “на тэрыторыі рэспублікі складаліся даволі складаныя ўмовы для росту сельскагаспадарчых культур”.

“Мы памятаем працяглае пахаладанне ў вясновы перыяд, якое прывяло, на жаль, да вельмі вялікіх страт пладовых, ягадных культур. Вельмі многія гаспадаркі да 100% страцілі ўраджай, таму, на жаль, вясновыя замаразкі вельмі неспрыяльна паўплывалі на рост вельмі важных і смачных для нас гародніны і садавіны”.

Падзяліцца: