У Вільнюсе адкрыецца інфармацыйны пункт Савета Еўропы для грамадзян Беларусі

26 красавіка, Позірк. Аб адкрыцці неўзабаве ў Вільнюсе (Літва) інфармацыйнага пункта Савета Еўропы (СЕ) для грамадзян Беларусі паведаміў “Позірку” галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Паводле яго слоў, адкрыццё інфапункта — гэта “вынік вялікай і вельмі доўгай працы”.
“Пра гэта мы гаварылі яшчэ некалькі гадоў таму. Менавіта Офіс Святланы Ціханоўскай, дэмакратычныя сілы настаялі на адкрыцці. Доўгі час ішла падрыхтоўка. Мы ўдзячныя Літве за садзейнічанне ў гэтым пытанні”, — адзначыў дарадца.
Дэмсілы зробяць так, каб “гэты інфармацыйны пункт быў адкрыты для ўсіх беларусаў, каб ён дапамог пашыраць каштоўнасці Савета Еўропы, узмацняць беларускую супольнасць у Літве і ва ўсім Еўрасаюзе”, дадаў Вячорка.
“Наша задача — каб Беларусь у будучыні ўступіла ў Савет Еўропы. Адкрыццё такога пункта — дастаткова беспрэцэдэнтна, калі гэта робіцца на тэрыторыі іншай краіны. Гэта паказвае, што Беларусь для Савета Еўропы з’яўляецца прыярытэтам”, — пакрэсліў палітык.
“Інфапункт — гэта такая амбасада Савета Еўропы, — сказаў Вячорка. — У Мінску гэта зрабіць сёння немагчыма. Але мы зробім так, каб як мага хутчэй гэта запрацавала і ў Беларусі адразу пасля дэмакратычных пераменаў. Каб беларусы атрымалі доступ да інструментаў СЕ для абароны сваіх правоў і магчымасцяў, доступ да экспертызы ўсяго таго ўнікальнага матэрыялу, які мае гэтая міжнародная арганізацыя”.
Партал lrt.lt паведаміў, што інфапункт СЕ для беларусаў адкрываецца згодна з пагадненнем Літвы з Саветам Еўропы.
Адзначаецца, што цягам пяці гадоў пункт будзе карыстацца памяшканнямі ў Нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса. “Такая прапанова Міністэрства культуры на гэтым тыдні была аднагалосна ўхваленая ўрадам”, — гаворыцца ў публікацыі.
Чакаецца, што пагадненне з СЕ будзе падпісана “на працягу бліжэйшых двух тыдняў”.
Сейм Літвы 20 лістапада 2025 года аднагалосна ратыфікаваў пагадненне аб супрацоўніцтве, якое прадугледжвае стварэнне ў Вільнюсе інфармацыйнага пункта Савета Еўропы для грамадзян Беларусі.
У інфапункце, як паведамлялася тады, беларусы змогуць даведацца пра працу і каштоўнасці СЕ, а таксама пра мерапрыемствы па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці, якія арганізуюцца ў Літве.
Адзначалася, што Беларусь не з’яўляецца членам СЕ, таму не мае краінавага прадстаўніцтва або офіса па сувязях.
“Ранейшая супраца Беларусі з СЕ была прыпыненая праз удзел гэтай краіны ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, — гаварылася ў тлумачальнай запісцы ініцыятараў законапраекта аб ратыфікацыі пагаднення. — Аднак Камітэт міністраў СЕ, улічваючы ролю Савета Еўропы ў прасоўванні правоў чалавека, дэмакратыі і павагі прынцыпаў прававой дзяржавы ў Еўропе, імкнецца падтрымліваць і ўмацоўваць стасункі з беларускай грамадзянскай супольнасцю і з гэтай мэтай стварыць інфармацыйны пункт у Вільнюсе”.
Літва і Савет Еўропы дамовіліся супрацоўнічаць пры стварэнні гэтага пункта ў Вільнюсе ў лістападзе 2024 года. Пагадненне ў Страсбургу падпісалі тагачасны міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс і намеснік генеральнага сакратара СЕ Б’ёрн Берге.
МЗС Літвы тады прапанавала размясціць пункт у будынку Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса, вызваліўшы ад неабходнасці аплачваць арэнду.
Урад, згодна з пагадненнем, таксама бярэ на сябе абавязацельства — у выпадках, калі офіс набывае для афіцыйнага выкарыстання тавары або паслугі, у кошт якіх уключаныя акцызы або падаткі, — вызваляць ад абавязку іх плаціць або кампенсаваць суму ў адпаведнасці з законамі Літвы.
У сваю чаргу Савет Еўропы абавязваецца пакрываць выдаткі на абсталяванне і абслугоўванне памяшканняў, утрыманне персанала і ўсе іншыя выдаткі, звязаныя з дзейнасцю пункта.
Савет Еўропы — міжнародная арганізацыя са штаб-кватэрай у Страсбургу, якая аб’ядноўвае 46 дзяржаў і займаецца абаронай правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона ў Еўропе.
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — лютым знізілася прадукцыйнасць працы, год таму быў рост (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі, ПалітыкаНародны саюз Германіі па догляду за ваеннымі магіламі не вядзе дзейнасць у Беларусі пасля прымусовага закрыцця мінскага офіса — МЗС ФРГМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка



