Дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі не адрозніваюцца ад паводзінаў РФ на захопленых тэрыторыях Украіны — Баркоўскі

25 красавіка, Позірк. Сілавыя ведамствы вядуць “сапраўдную вайну супраць беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры”, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, каментуючы з’яўленне новых “экстрэмісцкіх фарміраванняў” і пераслед людзей, звязаных з сацыяльна-культурнымі арганізацыямі.
У заяве, апублікаванай прэс-службай АПК, ён адзначыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі жадае забараніць беларусам “не толькі карыстацца ўласнай гісторыяй і мовай”, але і “проста карыстацца інфармацыяй і рэсурсамі, якія дапамагаюць развіццю беларускай тоеснасці па-за межамі дзяржаўнага кантролю і ў дыяспарах”.
Паводле яго меркавання, рэжым “ідзе нават на прамое парушэнне міжнароднага права і практыкуе трансгранічныя злачынствы, абвяшчаючы “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і “арганізацыямі” інстытуцыі, што зарэгістраваныя і працуюць у краінах ЕС”.
Баркоўскі звярнуў увагу на тое, што арганізацыі, якім апошнім часам у Беларусі надалі “экстрэмісцкі” статус, займаюцца “не палітыкай у прамым сэнсе гэтага слова”, а падтрымкай мовы і культуры, як у выпадку “Беларускай Рады культуры”, альбо адукацыйна-даследчай дзейнасцю, як Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
“Больш за тое, экстрэмісцкімі фарміраваннямі абвяшчаюцца асобныя праекты, якія шчыруюць дзеля развіцця пэўных аспектаў гэтай культуры або дапамагаюць ёй рэсурсамі. Гэта і праграма Магістратаў, і праграма падтрымкі ArtPower, і праграма садзеяння рэформам адукацыі “Васьміног”, — падкрэсліў ён.
На думку прадстаўніка АПК, мэта гэтых захадаў палягае ў тым, каб “цалкам адгарадзіць беларусаў, якія засталіся ў краіне, ад кантактаў з любымі незалежнымі культурніцкімі ініцыятывамі па-за межамі краіны, ператварыўшы Беларусь у плацдарм для экспансіі “рускага міра” і захавання абкарнанай народнай культуры ў выглядзе ансамбля “Харошкі” або праўладных творчых саюзаў”.
“Тое, што паводзіны рэжыму не надта адрозніваюцца ад паводзін расійскай акупацыйнай адміністрацыі на захопленых тэрыторыях Украіны, ужо нават не патрабуе асаблівых доказаў. Больш за тое, адбываецца фізічны кантроль над тэрыторыяй: на жылых дамах вывешваюць расійскія сцягі, расіяне масава скупаюць кватэры ў нашай краіне”, — дадаў ён.
Паводле слоў Баркоўскага, з Беларусі “ў інтэнсіўным парадку робяць той самы Крым, які спрабуюць “нармалізаваць” шляхам агрэсіўнай каланізацыі і вынішчэння свайго, мясцовага і нацыянальнага”.
“Сілавыя ведамствы Беларусі наскрозь інфільтраваныя агентамі расійскага ўплыву, для якіх само існаванне беларускай нацыі, мовы і культуры з’яўляецца недарэчнасцю і пагрозай, — лічыць аўтар заявы. — Яны б хацелі “вярнуць” беларускія тэрыторыі ў “родную гавань” і атрымаць расійскія афіцэрскія заробкі. Гэта абыякавасць да нацыянальнай гісторыі і незалежнасці вядзе Беларусь як дзяржаву да катастрафічнага сцэнару і набліжае паглынанне гэтай сістэмы больш моцнай і ваяўнічай таталітарнай машынай з Усходу”.
Баркоўскі падкрэсліў, што беларуская культура і тоеснасць сёння развіваюцца “не дзякуючы, а насуперак дзеянням лукашэнкаўскай дзяржавы”. Клопат пра гэта “збольшага кладзецца цяпер на плечы дыяспары, якая вымушаная шукаць рэсурсы на падтрыманне таго, што ў нармальных дзяржавах кладзецца на грамадскі бюджэт”.
Беларуская нацыя, нягледзячы на “незаконныя і гвалтоўныя дзеянні памагатых рэжыму”, захоўвае рэсурс адраджэння, “але менавіта як сістэмную дзейнасць беларускіх арганізацый і актывістаў, а таксама тых, хто падтрымлівае іх на палітычным узроўні і дапамагае з пошукамі фінансавання”, адзначыў ён.
“Галоўнае, пра што варта памятаць: сёння захаванне беларусаў як нацыі — гэта задача кожнага і кожнай з нас, — заявіў прадстаўнік АПК. — Не дзякуючы, а насуперак. І на ўласным прыкладзе, які можа пачынацца з размовы па-беларуску з сваімі дзецьмі, запіс іх у беларускія школкі і гурткі, слухання беларускай музыкі, чытання беларускіх кніг і фінансавай падтрымкі праектаў беларускіх дзеячаў культуры — квіткамі або данатамі”.
“Гэта тое, што дазволіць беларусам людзьмі звацца, а не рашчыніцца маўкліва між іншымі народамі. Гэта наш абавязак перад беларусамі будучыні, наш доўг перад самімі сабой”, — падсумаваў Баркоўскі.
"Беларуская Рада культуры" і аб'яднанне "ІншыЯ" прызнаны "экстрэмісцкімі фармаваннямі"
Рэктар ЕГУ: Прызнанне ўніверсітэта “экстрэмісцкім” можа знізіць колькасць студэнтаў з Беларусі, але гэтая лічба не будзе роўнай нулю
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі, ПалітыкаДля забеспячэння прысутнасці ў Беларусі і Расіі "Нямецкая хваля" робіць стаўку на тэхрашэнні, якія не пагражаюць бяспецы карыстальнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаЗа пяць гадоў доля тавараў айчыннай вытворчасці ў розніцы зменшылася на 4,4 працэнтнага пунктаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ПалітыкаАдток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 23–24 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаПольшча тыдзень не фіксуе актыўнасці мігрантаў на мяжы з БеларуссюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



