Слонімская мехбрыгада атрымала партыю мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2

25 красавіка, Позірк. Танкавае падраздзяленне дыслакаванай у Слоніме (Гродзенская вобласць) 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады атрымала партыю мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2, вынікае з паведамлення Міністэрства абароны.
Распрацоўкай гэтай мадыфікацыі займаліся спецыялісты “аднаго з прадпрыемстваў” Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта. Адзначаецца, што пры яе стварэнні “ўлічваўся досвед выкарыстання вайсковай тэхнікі ў сучасных узброеных канфліктах, што дало магчымасць інтэграваць у канструкцыю машыны найбольш эфектыўныя рашэнні для падвышэння яе тактыка-тэхнічных характарыстык”.
Паводле інфармацыі Мінабароны, на танку ўсталяваныя “шматканальны прыцэл наводчыка, што падвышае эфектыўнасць агню”, “сучасныя тэле-, цеплавізійныя прыборы і дынамічная абарона ўласнай распрацоўкі і супрацькумулятыўныя экраны”; палепшаныя ўмовы стральбы “за кошт увядзення рэжыму, які дае магчымасць кіраваць узбраеннем з месца камандзіра”, а таксама падвышана аўтаномнасць “за кошт усталявання аўтаномнага агрэгата электрасілкавання”.
Паводле слоў камандзіра 11-й мехбрыгады Вадзіма Ільніцкага, мадэрнізаваныя танкі “адпавядаюць усім патрабаванням сучаснага агульнавайсковага бою”. Ён падкрэсліў, што гэта “толькі першы этап атрымання найноўшых баявых машын”.
“Хуткім часам гэтая практыка працягнецца, і мы атрымаем новае ўзбраенне, вайсковую і спецыяльную тэхніку для выканання задач паводле прызначэння. Баявыя машыны аснашчаныя новымі сродкамі кіравання агнём, новымі радыёстанцыямі, а таксама ўзмоцненым рухавіком, які дае магчымасць павялічыць хуткасць руху танка”, — заявіў военачальнік.
Базавая мадэль савецкага танка Т-72 выйшла ў серыю ў 1973 годзе, яго ўдасканаленая мадэль Т-72Б, на аснове якой у Беларусі створаная мадыфікаваная версія, — у 1984-м.
Ад месца дыслакацыі 11-й мехбрыгады да мяжы з Польшчай прыкладна 100 кіламетраў на захад, з Літвой — крыху больш за 110 км на паўночны захад, з Украінай — каля 125 км на поўдзень.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія 180 дзён запар фіксуе спробы незаконнага пранікнення мігрантаў з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–21 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваНа патрабаванне ўладаў Польшчы за мінулы тыдзень краіну пакінула 19 грамадзян Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 21 верасня — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка

