Мінск 09:56

Украіна даўно выступае за прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці — кіраўнік МЗС Сібіга

Андрэй Сібіга
Архіўнае відэа: ТСН / стоп-кадр: "Позірк"

13 сакавіка, Позірк. “Мы вітаем крок Міжнароднага крымінальнага суда па пачатку ініцыяванага Літвой расследавання ў дачыненні да злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць народа Беларусі”, — такім чынам міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга адрэагаваў на абвешчанае 12 сакавіка рашэнне МКС.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х кіраўнік украінскай дыпламатыі адзначыў, што гэта “пасылае магутны сігнал пра тое, што беспакаранасці не будзе — нават для тых, хто лічыць сябе вышэй за закон і любыя нормы чалавечнасці”.

“Украіна даўно выступае за прыцягненне рэжыму да адказнасці — як за злачынствы супраць уласнага народа, так і за падтрымку Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны. Справядлівасць з’яўляецца неабходнай умовай для лепшай, еўрапейскай і дэмакратычнай будучыні Беларусі”, — напісаў ён.

12 сакавіка Міжнародны крымінальны суд распачаў расследаванне па матэрыялах Літвы пра здзяйсненне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Офіс пракурора МКС адкрыў гэтае расследаванне, бо прыйшоў да наступнай высновы: “Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія трапляюць пад дзеянне Рымскага статута МКС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы”. Апошняя, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца ўдзельніцай МКС.

Згодна з паведамленнем, мандат расследавання “ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачанні ў злачынствах, здзейсненых з 1 траўня 2020 года ў Беларусі, калі прынамсі адзін элемент злачынства быў здзейснены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі звароту і рамкамі юрысдыкцыі суда”

“Такім чынам, новае расследаванне ўключае злачынствы супраць чалавечнасці, такія як дэпартацыя, а таксама пераслед з дапамогай дэпартацыі ў дачыненні да любой вызначанай групы або супольнасці з палітычных матываў, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя беларускімі ўладамі. Гаворка ідзе пра злачынствы, якія трапляюць пад артыкул 7(1)(d) і артыкул 7(1)(h) Рымскага статута”, — гаварылася ў паведамленні.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што рашэнне МКС “вяртае надзею на аднаўленне законнасці” — на тое, што “вінаватыя панясуць адказнасць, а пацярпелыя атрымаюць права на праўду і справядлівасць”.

Павел Латушка, яе намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце, а таксама кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якое шчыльна займаецца пытаннем прыцягнення рэжыму да адказнасці праз міжнародныя судовыя інстытуцыі, назваў рашэнне МКС “вялікай перамогай”.

“Гэта непазбежны крок у кірунку дасягнення правасуддзя і справядлівасці для ахвяр рэпрэсій, — адзначыў ён. — Гэтае рашэнне азначае, што ў найбліжэйшы час Офіс пракурора пачне фармаваць справы супраць канкрэтных асоб, якія здзейснілі злачынствы дэпартацыі і пераследу як злачынствы супраць чалавечнасці. Няма сумневаў, што такая справа будзе заведзеная і ў дачыненні да дыктатара”.

Палітык выказаў упэўненасць, што Лукашэнка будзе абвешчаны ў міжнародны крымінальны вышук, а пасля “справядлівасць возьме верх”.

Адметна, што на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 26 лютага 2026 года была прынятая дырэктыве №1 “Аб узаемнай падтрымцы і супрацы ў галіне міжнароднага правасуддзя”.

Гэты дакумент сярод іншага прадпісвае міністэрствам замежных спраў Беларусі і Расіі “сумесна вызначаць і рабіць захады па недапушчэнні выканання тых рашэнняў міжнародных і замежных органаў крымінальнага пераследу, судоў і арбітражоў, якія супярэчаць міжнароднаму праву”, наносяць шкоду Мінску і Маскве, а таксама “правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян і правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб дзвюх дзяржаў”.

Падзяліцца: