МКС распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці (дапоўнена)

12 сакавіка, Позірк. Міжнародны крымінальны суд (МКС) распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці.
Паводле інфармацыі на сайце суда, офіс пракурора МКС адкрыў расследаванне, бо прыйшоў да наступнай высновы: “Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія падпадаюць пад дзеянне Рымскага статута МКС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы”.
Тлумачыцца, што “з 30 верасня 2024 года офіс пракурора праводзіў папярэдняе вывучэнне сітуацыі пасля звароту з боку Літвы”. “Літва папрасіла ведамства расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў Беларусі, якая не з’яўляецца дзяржавай — удзельніцай Міжнароднага крымінальнага суда, пазначыўшы, што частка элементаў меркаваных злачынстваў была здзейсненая на тэрыторыі Літвы, якая з’яўляецца дзяржавай — удзельніцай суда”, — гаворыцца ў паведамленні.
На думку офіса пракурора МКС, “існуюць разумныя падставы меркаваць, што прымусовыя дзеянні, якія прывялі да дэпартацыі, уяўлялі сабой лінію паводзінаў супраць рэальных або меркаваных праціўнікаў урада Беларусі, якая ажыццяўлялася ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай або ў яе развіццё”. Офіс прыйшоў да высновы, што “меркаваныя злачынствы, здзейсненыя ўладамі, заахвочваліся або ўхваляліся на найвышэйшых узроўнях урада”.
Акрамя таго, “існуюць разумныя падставы меркаваць, што гэтыя злачынствы былі здзейсненыя ў рамках шырокамаштабнага і сістэматычнага нападу на грамадзянскае насельніцтва, улічваючы іх маштаб, колькасць ахвяр і арганізаваны характар дзеянняў”.
Згодна з паведамленнем, мандат расследавання “ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачанні ў злачынствах, здзейсненых з 1 траўня 2020 года ў Беларусі, калі прынамсі адзін элемент злачынства быў здзейснены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі звароту і рамкамі юрысдыкцыі суда”.
“Такім чынам, новае расследаванне ўключае злачынствы супраць чалавечнасці, такія як дэпартацыя, а таксама пераслед з дапамогай дэпартацыі ў дачыненні да любой вызначанай групы або супольнасці з палітычных матываў, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя беларускімі ўладамі. Гаворка ідзе пра злачынствы, якія трапляюць пад артыкул 7(1)(d) і артыкул 7(1)(h) Рымскага статута”, — гаворыцца ў паведамленні.
Заяўлена, што “дзяржавы — удзельнікі Міжнароднага крымінальнага суда, уключаючы Літоўскую Рэспубліку, былі праінфармаваныя пра прынятае рашэнне”.
Урад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго паплечнікамі ў дачыненні да беларусаў”, 30 верасня 2024 года. Такім чынам, на прыняцце рашэння пра пачатак расследавання спатрэбілася амаль паўтара года.
На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 26 лютага 2026 года была прынятая дырэктыве № 1 “Аб узаемнай падтрымцы і супрацы ў галіне міжнароднага правасуддзя”.
У адпаведнасці з гэтым дакументам міністэрствы замежных спраў Беларусі і Расіі маюць “сумесна вызначаць і рабіць захады па недапушчэнні выканання тых рашэнняў міжнародных і замежных органаў крымінальнага пераследу, судоў і арбітражоў, якія супярэчаць міжнароднаму праву”, наносяць шкоду Мінску і Маскве, а таксама “правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян і правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб дзвюх дзяржаў”.
“Кампетэнтня органы выканаўчай улады” ды іншыя дзяржорганы дзвюх краін павінны забяспечваць “сумесную працу па абароне інтарэсаў” Беларусі і РФ — “уключаючы ўзаемнае аказанне юрыдычнай дапамогі і іншай падтрымкі” — у міжнародных і замежных судовых і арбітражных разбіральніцтвах па міждзяржаўных спрэчках, у тым ліку ў Міжнародным судзе ААН.
Акрамя таго, ім даручана праводзіць скаардынаваныя дзеянні ў міжнародных арганізацыях і аб’яднаннях — у першую чаргу ў рамках сістэмы ААН — “для супрацьдзеяння злоўжыванню механізмамі судаводства ў парушэнне прынцыпаў і нормаў міжнароднага права ў мэтах нанясення шкоды інтарэсам” Беларусі і РФ, а таксама “правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян і правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб дзвюх краін”.
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД павялічылася за год на 7,2%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаГеолагі знайшлі пяць перспектыўных для пошуку вуглевадародаў структурМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ сакавіку суседнія краіны ЕС спынілі ў 4,3 раза больш спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі, чым за студзень з лютымМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка

