Мінск 16:03

Польшча зафіксавала парушэнне паветранай прасторы з Беларусі — другі дзень запар і трэці раз за тыдзень

Ілюстратыўнае фота: Памежная ахова Польшчы

1 лютага, Позірк. Польшча зноў зафіксавала парушэнне паветранай прасторы з Беларусі.

“У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2026 года беларускі бок зноў распачаў спробу разведкі і праверкі рэакцыі польскіх сістэм СПА, якія знайшлі аб’екты, падобныя на паветраныя шары, у польскай паветранай прасторы”, — гаворыцца ў рэлізе Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл краіны.

Палёты аб’ектаў “адсочваліся ваеннымі радыёлакацыйнымі сістэмамі і не ўяўлялі пагрозы бяспецы польскай паветранай прасторы”.

Аператыўнае камандаванне “знаходзіцца ў пастаянным кантакце з адпаведнымі службамі і ўстановамі і бесперапынна абменьваецца сабранымі данымі”.

Папярэдні выпадак зафіксаваны напярэдадні. Тады згаданы орган паведаміў аб часовых абмежаваннях на выкарыстанне часткі паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам.

Таксама паветраная прастора Польшчы была парушана з боку Беларусі 28 студзеня.

На мінулым тыдні стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэнняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

Падзяліцца: