Мінск 19:02

У Беларусі засталася “нязначная колькасць” літоўскіх грузавікоў — прэм’ер Літвы

Ілюстратыўнае фота: Marcin Jozwiak / unsplash.com

23 снежня, Позірк. Паводле наяўнай у літоўскага ўрада інфармацыі, значная колькасць раней затрыманых у Беларусі грузавых аўтамабіляў ужо працягвае працаваць, курсіруючы паміж краінамі, заявіла журналістам 23 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

“Невялікая колькасць усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, мы працуем над гэтым, але сітуацыя вырашаецца паступова”, — цытуе яе Delfi са спасылкай на агенцтва ELTA.

Ругінене таксама звярнула ўвагу, што кантрабандныя паветраныя шары “ўжо некаторы час” (з 6 снежня. — “Позірк”.) не парушаюць працу віленскага аэрапорта. Яна выказала ўпэўненасць, што гэта — “пазітыўны вынік амерыканскай дыпламатыі, а таксама падрыхтоўкі і работы літоўскіх інстытутаў” (9 снежня ўрад абвясціў у краіне экстрэмальную сітуацыю (ЭС) дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдныя атакі Беларусі”. — “Позірк”.).

“Мы памятаем, што пагрозы будуць заўсёды, але давайце таксама памятаць, што нашы інстытуты рыхтуюцца і адаптуюцца да гэтых складаных сітуацый — мы ўжо не тыя, што былі два месяцы таму, мы зрабілі шмат крокаў, змянілі многія алгарытмы, і ўжо цяпер можам з упэўненасцю сказаць, што некаторыя рэчы сапраўды адбываюцца інакш”, — сказала прэм’ер.

Калі беларускія ўлады канфіскуюць затрыманыя ў краіне літоўскія фуры, Вільнюс “абавязкова павінен будзе прыняць у адказ аналагічныя захады”, заявіла міністр юстыцыі Рыта Тамашунене 18 снежня.

Таксама, паводле яе слоў, павінен з’явіцца і “новы закон, які бы па прынцыпе парытэту рэалізоўваў гэта ў Літве”.

Сітуацыю з выездам з Беларусі літоўскіх вялікагрузных аўтамабіляў павінны вырашаць знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.

“Няхай Міністэрства замежных спраў наша і літоўскае сустракаюцца і разрульваюць гэту сітуацыю”, — цытавала прамоўцу яго прэс-служба.

Закрытыя літоўскім бокам пагранпераходы на мяжы з Беларуссю аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў узмацніць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з работай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што захраслыя грузавікі не маглі выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Паводле слоў намесніцы кіраўніка Мытнага дэпартамента Літвы Давіле Краўлайдэне, на 9 снежня Мінск утрымліваў 91 грузавік і 49 прычэпаў, якія належаць Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava, а таксама 28 грузавікоў і 17 прычэпаў, не звязаных з асацыяцыяй. Разам з тым асацыяцыя публічна сцвярджала, што ў Беларусі заставалася каля 4 тыс. транспартных сродкаў, сярод якіх 1,25 тыс. грузавікоў.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл, прыбыўшы ў Вільнюс пасля перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам 12 і 13 снежня, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.

“Я лічу, што прэзідэнт Беларусі шчыра спрабуе супакоіць сітуацыю. Я думаю, гэта зойме пэўны час, але я думаю, гэта можна вырашыць. Ён хоча нармальных стасункаў са сваімі суседзямі — так ён мяне запэўнівае. Я ведаю, што Літва зрабіла ўсё магчымае, каб спыніць атрымальнікаў цыгарэт ці чаго там яшчэ. Таму я думаю, што абодва бакі працуюць”, — сказаў Коўл.

Падзяліцца: