Мінск 02:21

Украіна перадасць партнёрам інфармацыю пра месцы размяшчэння “Арэшніка” ў Беларусі — Зяленскі

19 снежня, Позірк. Украіна ведае, дзе менавіта на тэрыторыі Беларусі плануецца размясціць расійскі комплекс “Арэшнік”, і перадасць інфармацыю пра гэта сваім партнёрам, заявіў, паводле інфармацыі УНІАН, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 19 снежня падчас знаходжання з візітам у Варшаве.

“Завяршаецца перамяшчэнне “Арэшніка” на тэрыторыю Беларусі. Мы разумеем, дзе гэта будзе. Дзе будзе размешчана. Мы інфармацыю перадаем нашым партнёрам. Думаю, партнёры самі могуць ацаніць гэтую пагрозу і зразумець, як ім на гэта рэагаваць, на мой погляд” — сказаў Зяленскі.

Паводле яго, Кіеў і раней папярэджваў партнёраў, у тым ліку ЗША, што РФ сапраўды будзе размяшчаць свой комплекс на тэрыторыі Беларусі: “Мы паказвалі дыстанцыю, на якую будзе дзейнічаць “Арэшнік”. Гэта пагроза шматлікім еўрапейскім краінам. Мы ім гэта паказвалі. “Арэшнік” дронамі збіць немагчыма на сёння. Яны выкарыстоўвалі “Арэшнік” па тэрыторыі Украіны, мы разумеем, як з гэтым змагацца”.

Украіна, дадаў прэзідэнт, прасіла партнёраў прымяніць санкцыі супраць кампаній, якія прадаюць кампаненты праз трэція краіны, прыдатныя да “Арэшніка”: “Без гэтых кампанентаў Расія проста не можа. Я не бачу гэтых уведзеных санкцый. Лічым, што Расія будзе працягваць вырабляць “Арэшнік”. Шмат яго яна яшчэ не здольная вырабляць, нягледзячы на папрокі, якія яна б ні рабіла. Мы разумеем колькасць іх, але яны гэта робяць не проста так”.

Пасля таго як расійскі ракетны комплекс “Арэшнік” заступіць у Беларусі на баявое дзяжурства, яго пакажуць журналістам, заявіў 19 снежня дзяржаўным СМІ міністр абароны Віктар Хрэнін на палях Усебеларускага народнага сходу (УНС).

Паводле яго, “Арэшнік” ужо дастаўлены ў Беларусь і “рыхтуецца да заступлення на баявое дзяжурства”.

“Як толькі гэта адбудзецца, мы абавязкова вас запросім і пакажам”, — адзначыў Хрэнін.

Пра тое, што “Арэшнік” завезены ў Беларусь, заявіў 18 снежня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на УНС: “Ён у нас з учорашняга дня і заступае на баявое дзяжурства”, — сказаў ён.

Інфармацыя пра размяшчэнне ў Беларусі расійскага ракетнага комплексу “Арэшнік” з’яўляецца “прапагандай страху для Еўропы выключна”, заявіў кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.

“Гэтая зброя носіць выключна інфармацыйны характар”, — падкрэсліў ён.

13 снежня кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Алег Івашчанка заявіў, што калі “Арэшнік” з’явіцца ў Беларусі, Мінск “не будзе мець ніякіх правоў і паўнамоцтваў на яго прымяненне”, комплекс будзе знаходзіцца “ў адзінай сістэме кіравання Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння РФ”.

“Разгортванне “Арэшніка” на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску перш за ўсё на ЕС і НАТО, а не на Украіну, — лічыць ён. — Такі крок дазволіць Расіі пашырыць свае здольнасці для нанясення раптоўнага ўдару па сталіцы любой еўрапейскай краіны і значна паменшыць час падлёту ракет у параўнанні з запускам з палігона Капусцін Яр”.

Пра тое, што размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі ўяўляе небяспеку для Еўропы, Зяленскі заяўляў таксама ў канцы кастрычніка.

“Планаванне прымянення” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік” было адпрацавана ў верасні падчас маштабных беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025”.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое адбылося 6 снежня 2024 года, Масква і Мінск зацвердзілі агульную канцэпцыю бяспекі і заключылі міждзяржаўную дамову аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля пасяджэння заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі расійскія балістычныя ракеты сярэдняй дальнасці “Арэшнік”. Пуцін адзначыў, што гэты ракетны комплекс можна будзе размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.

26 студзеня 2025 года Лукашэнка заявіў журналістам, што “Арэшнік” будзе дастаўлены ў Беларусь “з дня на дзень”. Пры гэтым, гаворачы пра тэрміны пастаўкі, ён паведаміў, што “гэта не гарыць”.

Паводле Лукашэнкі, ён “пажартаваў”, калі раней заяўляў пра неабходнасць размясціць у Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Пуцін зрабіў яму з гэтай нагоды “заўвагу”, бо Расія не абяцала такую колькасць гэтага ўзбраення, дадаў палітык.

14 сакавіка, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ, Лукашэнка, сярод іншага, заявіў, што Масква перадасць Беларусі некалькі ракетных комплексаў “Арэшнік” да канца года. Пускавыя ўстаноўкі да ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі.

18 сакавіка гэтага года дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў краіне падрыхтаваны пляцоўкі для размяшчэння “Арэшніка”.

Упершыню пра жаданне размясціць “Арэшнік” на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Падзяліцца: