Мінск 18:31

У Маладзечанскім раёне выяўлена чацвёртая са жніўня вытворчасць самагону

Відэа: МУС Стоп-кадр: “Позірк”

8 кастрычніка, Позірк. “Міні-прадпрыемства” па вытворчасці моцных спіртных напояў выяўлена ў вёсцы Забалоцце (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) падчас рэйдавых мерапрыемстваў міліцыі, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле даных МУС, вытворчасцю самагону займаўся 24-гадовы мясцовы жыхар, з гаспадарчых пабудоў якога канфіскавана каля 9,4 тыс. літраў брагі і больш за тысячу літраў гатовага прадукту.

Парушальнік “афіцыйна не працаўладкаваны, зарабляў продажам спіртнога”. “Па выніках хімічнай экспертызы выяўленай прадукцыі яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка”, — адзначылі ў ведамстве.

МУС паведаміла, што “за выраб алкагольных напояў і іх паўфабрыкатаў, захоўванне апаратаў для вытворчасці” прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь (1.260 руб.).

4 верасня МУС паведамляла аб выяўленні “міні-прадпрыемстваў па вытворчасці моцных напояў” у вёсках Насілава і Забалоцце Маладзечанскага раёна. Было канфіскавана тры самагонныя апараты, каля 30 тон брагі і амаль 1.500 літраў гатовага прадукту. Вытворчасцю самагонкі займаліся трое мясцовых жыхароў, якія “афіцыйна не працаўладкаваныя”.

Таксама аб ліквідацыі ў Маладзечанскім раёне “нелегальнага завода па вытворчасці самагону ў прамысловых маштабах” МУС паведамляла 24 жніўня. Тады ў гаспадарчым будынку быў знойдзены самагонны апарат, ёмістасці з брагай аб’ёмам звыш 25 тыс. л, 12,5 т мукі, 400 л гатовай прадукцыі.

28 жніўня паведамлялася аб ліквідацыі падобнай вытворчасці ў Свіслацкім раёне (Гродзенская вобласць).

Падзяліцца: