Мінск 12:42

Латушка выказаў расчараванне, што прэзідэнт Малдовы прыняла даверчыя граматы ў новага беларускага амбасадара

Прэзідэнт Малдовы Мая Санду і новы амбасадар Беларусі Анатоль Бубен
Фота: presedinte.md

9 верасня, Позірк. Расчараванне тым, што прэзідэнт Малдовы Мая Санду прыняла даверчыя граматы ў новага беларускага амбасадара, выказаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка — у мінулым кадравы дыпламат, амбасадар у Польшчы і Францыі.

5 верасня ў Кішынёве Санду, як вынікае з паведамлення яе прэс-службы, прыняла даверчыя граматы ў васьмі амбасадараў. Кіраўнік беларускай амбасады Анатоль Бубен быў запрошаны разам з новымі кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў Еўрасаюза, Ірландыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Нарвегіі і Швецыі.

“Прэзідэнт Малдовы Мая Санду атрымала даверчыя граматы ад амбасадара дыктатара Лукашэнкі, які не прызнаны Саветам Еўрасаюза, Еўрапарламентам і ПАСЕ легітымным прэзідэнтам і з’яўляецца міжнародным злачынцам за злачынствы супраць чалавечнасці, ваеннае злачынства (дэпартацыя ўкраінскіх сірот) і акт агрэсіі супраць Украіны“, — адзначыў Латушка.

“Малдова разлічвае на падтрымку Еўропы — але беларусы, якія змагаюцца за дэмакратыю і еўрапейскі выбар, больш не могуць разлічваць на падтрымку Малдовы?” — звярнуўся палітык да ўладаў гэтай краіны.

Бубен быў прызначаны амбасадарам у Малдове 27 сакавіка 2025 года. Да гэтага быў дырэктарам свабоднай эканамічнай зоны “Мінск“.

Па выніках цырымоніі ўручэння даверчых грамат беларускі МЗС паведаміў, што “падчас кароткай гутаркі” з Санду дыпламат “пацвердзіў зацікаўленасць у падтрыманні канструктыўнага дыялогу з Малдовай, а таксама праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб нацэленасці Мінска на актывізацыю беларуска-малдаўскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.

Пра гатоўнасць дзяліцца дасягненнямі “ў галіне дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва” заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня ў віншаванні народу Малдовы з Днём незалежнасці.

Лукашэнка не павіншаваў са святам Санду, якая крытыкуе ягоны рэжым, сустракаецца са Святланай Ціханоўскай і дэкларуе курс на інтэграцыю з Еўразвязам. Малдова мае статус кандыдата на ўступленне ў ЕС. У парламенце краіны дзейнічае группа “За дэмакратычную Беларусь”.

Падзяліцца: