Беларускія выдаўцы Надзея Кандрусевіч і Дзмітрый Строцаў сталі лаўрэатамі прэміі Prix Voltaire

3 чэрвеня, Позірк. Беларускім выдаўцам Надзеі Кандрусевіч і Дзмітрыю Строцаву прысуджаная прэмія Prix Voltaire 2025 года. Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася 2 чэрвеня ў рамках World Expression Forum у Лілехамеры (Нарвегія), паведамляе Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA).
Старшыня камітэта па свабодзе публікацыі IPA Крыстэн Эйнарсан адзначыла на цырымоніі: “Тое, што нашыя лаўрэаты мусяць працягваць публікавацца ў выгнанні праз сваю прыхільнасць да свабоды публікацыі, заслугоўвае нашай павагі і прызнання”.
Кандрусевіч не змагла прысутнічаць на ўручэнні прэміі, але перадала свой зварот. У ім яна падкрэсліла, што гэтая ўзнагарода “належыць усім перакладчыкам, выдаўцам і пісьменнікам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы ні на якія абставіны”, а таксама “ўсім дзецям, якія чытаюць ці слухаюць казкі на ноч, і ўсім бацькам, якія вераць у сілу добрай кнігі”.
Строцаў, які з’яўляецца рускамоўным паэтам, на цырымоніі выступіў на беларускай мове. Ён адзначыў, што ў сакавіку 2022 года з’ехаў на Захад “з адным маленькім чамаданам”: “Я ўцёк ад палітычных пераследаў, але таксама рыхтаваўся да новай місіі — выкарыстаць 30-гадовы досвед выдавецкай дзейнасці для стварэння свабоднага беларускага выдавецтва ў выгнанні”.
Прысуджэнне прэміі ён назваў “важнай падтрымкай беларускага дэмакратычнага супраціву”.
“Сардэчна віншую беларускіх выдаўцоў Дзмітрыя Строцава і Надзею Кандрусевіч з атрыманнем прэстыжнай прэміі. У выгнанні яны працягваюць прапагандаваць беларускую мову, культуру і ціхую сілу слова”, — напісала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
У 2014 годзе прэмія Prix Voltaire была ўручаная выдаўцу Ігару Логвінаву. У шорт-ліст таксама ўваходзіў выдавец Андрэй Янушкевіч (2024).
Даведка “Позірку”:
Надзея Кандрусевіч у 2018 годзе заснавала ў Беларусі выдавецтва “Koska,”. Яно спецыялізавалася на выпуску дзіцячых твораў скандынаўскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову (цяпер не выдае друкаваныя кнігі, але раней выдадзеныя прадаюцца на інтэрнет-платформах). З 2022 года Кандрусевіч жыве ў Швецыі.
Дзмітрый Строцаў з 2022 года пражывае ў Германіі. У Мінску ён меў выдавецтва “Вінаград”, але ўлады пазбавілі арганізацыю ліцэнзіі.
Строцава — аўтара 18 кніг вершаў на рускай мове, члена Беларускага ПЭН-цэнтра — затрымлівалі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 года, ён адбываў адміністрацыйны арышт. З’яўляецца лаўрэатам Рускай прэміі (2007), прэміі Norwegian Authors’ Union’s Freedom of Speech Award (2020), прэміі Фонду бібліятэкі Вацлава Гавела (2021) ды інш. Яго вершы перакладзеныя на беларускую, англійскую, грузінскую, італьянскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, нарвежскую, польскую, украінскую, французскую, шведскую, чэшскую, эстонскую ды іншыя мовы.
У Берліне Строцаў заснаваў выдавецтва беларускай паэзіі hochroth Minsk.
IPA заснаваная ў 1896 годзе ў Парыжы (Францыя) для прасоўвання і абароны аўтарскіх правоў і свабоды публікацыі.
Складаецца са 105 асацыяцый-членаў (84 краіны). Праз сваіх членаў IPA прадстаўляе тысячы індывідуальных выдаўцоў па ўсім свеце, якія абслугоўваюць больш як 5,6 млрд чалавек.
IPA з’яўляецца акрэдытаванай няўрадавай арганізацыяй, якая мае кансультатыўныя стасункі з ААН.
Прэмія IPA Prix Voltaire уключае прыз у памеры 10 тыс. швейцарскіх франкаў (12,2 тыс. долараў).

- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаСістэмныя праблемы не дазваляюць Беларусі "з розумам" укараніць сістэму клініка-затратных груп — экспертМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваПацыенты ў Беларусі не бачаць, хто атрымлівае доступ да іх даных у электроннай сістэме аховы здароўя — прадстаўніца Фонду медсалідарнасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСпоўнілася паўгода з пачатку штодзённых спробаў мігрантаў трапіць у ЕС праз беларуска-латвійскую мяжу (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваДа 2032 года урачоў можа стаць больш, але "ці ператворыцца колькасць у якасць — вялікае пытанне", заяўляе экспертМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаТурэмная медыцына павінна перайсці ад МУС да Мінздароўя, псіхолагам трэба дбайна працаваць са зняволенымі — ВялічкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаКолькасць стратных арганізацый павялічылася за год больш чым на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць ІП працягвае змяншацца, юрыдычных асоб — расці (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка


