Мінск 08:42

Новым дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы прызначаны Сяргей Глазьеў — прыхільнік “адраджэння імперыі” (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

актуалізаваны загаловак, дададзеныя абзацы 3–4 і 6–11

17 красавіка, Позірк. Новым дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы прызначаны Сяргей Глазьеў, які дагэтуль займаў пасаду намесніка кіраўніка сакратарыята, паведамляюць дзяржСМІ па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са згаданым чыноўнікам 17 красавіка ў Мінску.

“Мы дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, што ваш унёсак у будаўніцтва Саюзнай дзяржавы павінен быць важкім, — заявіў Лукашэнка. — Ён добрага меркавання пра вас. Маё меркаванне вы даўно ведаеце. Таму мы вызначыліся. У сувязі з тым, што заканчваецца тэрмін знаходжання на гэтай пасадзе Дзмітрыя Мезенцава і ён ідзе на іншую працу, мы прынялі такое рашэнне аб прызначэнні вас кіраўніком і маторам нашай саюзнай інтэграцыі ў плане кіраўніцтва ўсім апаратам СД. Думаю, што эфект будзе добры”.

Глазьеў запэўніў Лукашэнку, што прыкладзе ўсе намаганні, “каб ідэі, закладзеныя ў аснову стварэння Саюзнай дзяржавы, развіваліся паводле апошняга слова эканамічнай навукі”. У ліку гэтых ідэй ён абазначыў роўныя ўмовы гаспадарання і правы грамадзян, агульныя механізмы развіцця, пашырэнне кааперацыі, стварэнне канкурэнтаздольнай эканомікі, якая магла б развівацца апераджальным чынам.

Лукашэнка заявіў, што яны з Пуціным падчас адной з размоў сышліся ў меркаванні, што Глазьеў са сваімі ідэямі быў ля вытокаў стварэння Саюзнай дзяржавы. “Нам вельмі важна, што вы не проста памятаеце, а можна сказаць, былі побач з гэтымі ідэямі. Можа быць, недзе некаму і падказвалі, як трэба дзейнічаць”, — адзначыў ён.

Раней паведамлялася, што Уладзімір Пуцін прызначыў Мезенцава, які кіраваў сакратарыятам Саюзнай дзяржавы з 19 сакавіка 2021 года, сваім паўнамоцным прадстаўніком у Канстытуцыйным судзе.

Глазьеў нарадзіўся ў 1961 годзе ў Запарожжы (Украіна). Эканаміст і палітык, былы міністр знешнеэканамічных сувязей Расіі. У 2004 годзе быў кандыдатам у прэзыдэнты РФ.

У 2012–2019 гадах — дарадца прэзідэнта РФ па каардынацыі дзейнасці федэральных органаў выканаўчай улады, скіраванай на развіццё еўразійскай інтэграцыі ў рамках Мытнага саюза і Агульнай эканамічнай прасторы Расіі, Беларусі і Казахстана.

У апублікаваным у 2024 годзе артыкуле Глазьеў адзначаў, што “перад Расіяй стаяць мэты, якія сапраўды ўражваюць, — адраджэнне імперыі, стварэнне новага цэнтра прыцягнення ў геапалітыцы, здольнага супрацьстаяць так званай “амерыканскай мары”.

“На першым этапе павінна адбыцца аднаўленне імперыі хаця б у межах былога СССР. Пасля завяршэння СВА (так у РФ называюць ваенную агрэсію супраць Украіны. — “Позірк”.) і ўваходжання і тэрыторый былой Украіны ў Расійскую дзяржаву аўтаматычна ўвальецца і Беларусь як адна з складнікаў трыадзінай славянскай нацыі. Далей наступіць чарга Казахстана, іншых азіяцкіх рэспублік, дзяржаў Каўказа і, нарэшце, Прыбалтыкі. Аднак, гэта толькі пачатак працэсу і доўгага цярністага шляху па стварэнні новай звышдзяржавы”, — пісаў ён.

Расійскі палітык таксама выказаў меркаванне, што “асновай далейшага пашырэння паслужаць ужо існыя цяпер платформы БРІКС і яго сілавы блок АДКБ”, паколькі “нельга спыняцца толькі на рэстаўрацыі Савецкага Саюза”. “У адваротным выпадку гэта будзе выглядаць звычайным рэваншызмам. Неабходна ставіць перад сабой больш амбітныя мэты”, — адзначаў Глазьеў.

У іншым артыкуле новы дзяржсакратар СД пісаў: “Пакуль еўрапейскія лідары падтрымліваюць русафобскі нацызм на Украіне, падрываючы ў вайне супраць Расіі канкурэнтаздольнасць сваёй эканомікі, у іх уласных краінах фармуюцца іншакультурныя сацыяльныя структуры, а гарады ператвараюцца ў трушчобы. Яны вядуць еўрапейскую цывілізацыю да краху”.

Падзяліцца: