Лукашэнка пахваліў “Сярожу Сыранкова”, які жадае перамогі на выбарах “дзейснаму прэзідэнту”

21 студзеня, Позірк. Падчас наведвання 21 студзеня Мінскага аўтамабільнага завода Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не мае часу сачыць за перадвыбарчай кампаніяй, аднак “паглядзеў выступленні альтэрнатыўных кандыдатаў”.
Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба, ён “неяк выпадкова” ўключыў тэлевізар і ўбачыў іншых удзельнікаў электаральнай кампаніі.
“Я вытрымаў паўтара чалавекі, шчыра скажу”, — адзначыў Лукашэнка.
“Мне спадабаўся Сярожа Сыранкоў, — дадаў ён. — Ну нармальна. Ён кажа: вы ведаеце, мы не супраць, мы за, мы разам, і мы будзем жадаць перамогі дзейснаму прэзідэнту. Таму што тое, што ён робіць, не разыходзіцца з нашай праграмай. Сумленна і адкрыта чалавек ад камуністаў гэта сказаў. Сказаў шчыра”.
У праграме Сыранкова, паводле слоў Лукашэнкі, яму спадабалася захаванне дзеючай уладай “гігантаў-прадпрыемстваў” і яе намаганне “падзяліцца з людзьмі лішняй капейкай”.
Пра падтрымку на выбарах Лукашэнкі яго намінальны канкурэнт і старшыня праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сыранкоў заявіў, у прыватнасці, у выступленні на радыё 15 студзеня. Камуністы, паводле яго слоў, “не проста разумеюць непазбежнасць перамогі Аляксандра Рыгоравіча, але і падтрымліваюць яе”.
З яго выступлення вынікала, што ён хацеў бы заняць на выбарах другое месца.
“Калі другім будзе кандыдат з праграмай шокавай тэрапіі, прыватызацыі, распілу дзяржмаёмасці, знішчэння сацыяльнай дзяржавы, або кандыдат з дуляй на плакаце, з папулісцкімі лозунгамі і гарлавымі нервовымі выкрыкамі, то ўявіце сабе, як яны змогуць уплываць на настрой у грамадстве і далейшы стан нашай радзімы”, — заявіў кіраўнік КПБ, верагодна, маючы на ўвазе старшыню праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча (на агітацыйных улётках ён адлюстраваны з дуляй).
Цэнтральная выбарчая камісія 23 снежня 2024 года зарэгістравала пяць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах, якія адбудуцца 26 студзеня.
Акрамя Сыранкова, Гайдукевіча і Лукашэнкі, у кампаніі ўдзельнічаюць старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая.
Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.
З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.


- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаЕС забараніў здзелкі з беларускім лічбавым рублём і ўвёў шэраг іншых абмежаванняў у дачыненні да Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаЗа першы квартал 2026 года зменшылася доля занятага ў эканоміцы насельніцтва ў працаздольным узросцеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваУ Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку прымаюцца меры супраць лясных пажараў, якія пераносяць радыенуклідыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЛатвія чатыры тыдні штодня фіксуе спробы мігрантаў незаконна патрапіць на яе тэрыторыю з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваЗа год колькасць людзей, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, зменшылася на 8 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
