Мінск 15:19

КДК дамогся скасавання закупкі паслуг па высадцы ў Мінскай вобласці 5 тыс. раслін — напрыканцы лістапада

Ілюстрацыйнае фота: Andres Siimon / unsplash.com

19 лістапада, Позірк. На патрабаванне Камітэта дзяржаўнага кантролю скасаваная закупка паслуг па азеляненні раённага цэнтра Мінскай вобласці і аднаго з пасёлкаў, у рамках якой планавалася высадзіць напрыканцы лістапада амаль 5 тыс. раслін.

Паводле інфармацыі КДК, на гэтыя мэты мелі намер выкарыстаць каля 280 тыс. рублёў. Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю расцаніў планы па азеляненні як спробу неэфектыўнага выдаткавання бюджэтных сродкаў.

Адзначаецца, што ў святле “пагаршэння ўмоў надвор’я гэта непазбежна прывяло б да вымярзання раслін і гібелі пасадачнага матэрыялу”.

Акрамя таго, закупіць паслугі па высадцы раслін планавалася ў старонняй арганізацыі, хоць такія работы “з’яўляюцца профільнай дзейнасцю арганізацыі ЖКГ, якая здольная самастойна іх выканаць без прыцягнення пасрэднікаў”.

Умяшанне кантралёраў дазволіла прадухіліць неэфектыўнае расходаванне сродкаў, падкрэслівае КДК.

У 2026 годзе КДК неаднаразова выяўляў парушэнні пры выкарыстанні дзяржаўных сродкаў.

18 лістапада Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра раскрыццё схемы атрымання хабараў пры закупках спецтэхнікі для дзяржаўных прадпрыемстваў АПК і ЖКГ на агульную суму больш як 280 тыс. рублёў. Паводле даных ведамства, умовы тэндараў змяняліся ў інтарэсах прыватнай кампаніі, якая пастаўляла тэхніку па завышаных цэнах.

Падзяліцца: