Мінск 13:42

Уначы над Гомелем было чуваць беспілотнік — СМІ

Начны Гомель
Ілюстрацыйнае відэа: ютуб-канал "Новости Гомеля" / стоп-кадр: "Позірк"

3 лістапада, Позірк. Пра пралёт беспілотніка з характэрным гукам “мапеда” ўначы 3 лістапада над Гомелем паведамляе рэгіянальны партал “Флагшток” са спасылкай на відавочцаў.

Паводле інфармацыі гэтага СМІ, каля поўначы дрон праляцеў над Савецкім раёнам і паўднёвымі ўскраінамі абласнога цэнтра; карыстальнікі сацыяльных сетак пішуць пра вельмі гучны гук.

Пры гэтым украінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі адзін расійскі БПЛА над тэрыторыяй Беларусі прыкладна на дзве гадзіны пазней: каля 2:00 дрон знаходзіўся над Брэсцкай вобласцю — у раёне Століна, пасля працягнуў рухацца ў бок Пінска. Што адбылося з ім далей, не ўдакладняецца, піша “Флагшток”.

Некаторыя жыхары Гомеля пісалі ў сацсетках, што чуюць гук “мапеда” другую ноч запар. З паведамленняў маніторынгавых каналаў вядома, што ў першыя дні лістапада фіксаваліся залёты расійскіх БПЛА ў Гомельскую вобласць.

Першы выпадак адбыўся каля 7:00 1 лістапада — два беспілотнікі вылецелі ў кірунку Церахоўкі (Добрушскі раён). Далейшы лёс дронаў невядомы. 2 лістапада каля 7:30 адзін рэактыўны БПЛА вылецеў праз Камарын у бок Брагіна, але ўжо праз некалькі хвілін вярнуўся ва Украіну і накіраваўся ў бок Славуціча.

Паводле даных “Флагштока”, у кастрычніку паветраную прастору Беларусі парушылі мінімум 24 расійскія дроны. Рэальная колькасць парушэнняў можа быць значна большай.

“Флагшток” адзначаў, што мінімум адзін расійскі БПЛА быў збіты над Гомелем 26 лютага.

14 сакавіка паведамлялася пра падзенне невядомага беспілотніка ля пасёлка Рассвет (Добрушскі раён).

Уначы 23 сакавіка жыхары Магілёва, Мінска і раёна, а пазней Гродна паведамлялі пра гукі, падобныя да дрона, што ляціць над дамамі. Афіцыйных каментарыяў ад уладаў не паступала. У 4:04 паводле мінскага часу камера відэаназірання зафіксавала выбух БПЛА на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

24 сакавіка “расійскі дрон упаў на гарод мясцовага жыхара, але не выбухнуў” паблізу мяжы з Украінай у адной з вёсак Лоеўскага раёна (Гомельская вобласць), паведамляў “Флагшток”.

Пра тое, што ля вёскі Янава (Сенненскі раён Віцебскай вобласці) 23 траўня ўпаў БПЛА, пашкодзіўшы лінію электраперадачы, паведамляў праваабарончы рэсурс “Віцебская Вясна”.

Ранкам 29 ліпеня 2025 года “Люстэрка” са спасылкай на відавочцаў распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што каля 2:00 дрон урэзаўся ў шматпавярховы дом у Фрунзенскім раёне сталіцы, упаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў. Прыкладна праз гадзіну пасля з’яўлення інфармацыі ў СМІ Міністэрства абароны прызнала факт падзення беспілотніка.

Улады Беларусі падтрымліваюць Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: