Мінск 22:32

Пракуратура запатрабавала ад Ozon зняць з продажу вокладкі для дакументаў з бел-чырвона-белымі палосамі

20 кастрычніка, Позірк. Баранавіцкая міжраённая пракуратура запатрабавала ад расійскага маркетплейса Ozon зняць з продажу “набор вокладак для дакументаў з бел-чырвона-белымі палосамі і выявай белага вершніка з мячом і шчытом на чырвоным фоне” (герб “Пагоня”).

Паводле інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, элементы выявы былі прызнаныя судом “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Паведамляецца, што патрабаванне выкананае: вокладкі больш нельга набыць у Беларусі.

Паводле заявы прокуратуры, патрабаванне было высунута “з улікам таго, што падобны тавар можа быць рэалізаваны нявызначанаму колу асоб, у тым ліку моладзі, што негатыўна адаб’ецца на грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, фармаванні ў маладых людзей духоўна-маральных каштоўнасцяў, грамадзянскасці і патрыятызму”.

Заканадаўства краіны забараняе “распаўсюд, публічную дэманстрацыю, выраб, выданне, захоўванне і перавозку з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Пры гэтым бел-чырвона-белы сцяг и герб “Пагоня”, якія былі дзяржаўнымі сімваламі краіны ў 1991-1995 гадах, наўпрост не забароненыя, а “Пагоня” ўключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Дэ-факта выкарыстанне гэтых сімвалаў пераследуецца.

За распаўсюд матэрыялаў, уключаных у спіс “экстрэмісцкіх”, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Для фізічных асобаў гэта штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (у 2026 годзе ад 450 да 1.350 рублёў), грамадскія працы або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета правапарушэння; магчымая канфіскацыя сродкаў яго ўчынення.

7 кастрычніка 2026 года генеральны пракурор Дзмітрый Гара заявіў, што за паўтара года за “экстрэмісцкія” злачынствы асуджана каля 2,5 тыс. чалавек.

Улады надаюць экстрэмісцкі статус усяму, што лічаць нелаяльным ці непадкантрольным сабе.

Падзяліцца: