Мінск 21:48

Лукашэнка вызваліў Рагожніка ад пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама (дапоўнена)

Аляксандр Рагожнік
Архіўнае фота: soyuz.by

20 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка вызваліў ад пасады старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка.

Рашэнне прынятае ў сувязі з хваробай чыноўніка, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Цяпер 50-гадовы Рагожнік быў прызначаны на гэтую пасаду 15 студзеня, да гэтага з 27 чэрвеня 2024 года быў амбасадарам Беларусі ў Расіі. У 2022-2024 гадах узначальваў Міністэрства прамысловасці.

Выконваючым абавязкі кіраўніка рэгіёну прызначаны Сяргей Ляўковіч, які займаў з красавіка 2025-га пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкама.

Новы кіраўнік вобласці нарадзіўся ў 1983 годзе ў вёсцы Ізабелін Ваўкавыскага раёна (Гродзенская вобласць).

У 2006-м скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “заатэхнія“, у 2013-м — Акадэмію кіравання па спецыяльнасці “кіраванне аграпрамысловым комплексам”.

Да працы ў Віцебскім аблвыканкаме быў заняты ў сельскай гаспадарцы Гомельскай і Мінскай абласцей. Быў кіраўніком Уздзенскага райвыканкама, першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама, а таксама памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Віцебскай вобласці.

Адзначаецца, што кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты 20 кастрычніка “сустрэўся з актывам аблвыканкама, прадставіў выконваючага абавязкі кіраўніка вобласці і пазначыў актуальныя задачы па развіцці рэгіёну”.

15 кастрычніка падчас паездкі ў Верхнядзвінскі раён Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва вобласці і АПК, заявіў, што яны з 2030 года павінны забыцца пра цяперашнія аб’ёмы падтрымкі рэгіёну. “Яе не будзе. Мы павінны вызначыцца па стратэгіі, тактыцы, дзеянням. Пасля 1 студзеня размовы ўжо будуць спыненыя па тактыцы і стратэгіі. Вы павінны ведаць, якія трактары купіць, як зямля будзе апрацоўвацца, якія людзі там будуць працаваць. Не дай бог у студзені вы будзеце мне тэорыю штурхаць”, — заявіў палітык.

Пра тое, што Віцебскай вобласці “патрэбны пакрокавы антыкрызісны план“ — “выразны, канкрэтны, выканальны“, Лукашэнка заявіў 3 лютага ў Мінску на нарадзе ў асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну.

Нагадаўшы, што ў кастрычніку 2025 года адбылася “маштабная нарада па сацыяльна-эканамічным развіцці“ Віцебскай вобласці, прамоўца канстатаваў, што сітуацыя ў рэгіёне “складваецца горш, чым у іншых“, але і “астатнім расслабляцца не варта“.

“Тое, што мы бачым у Віцебскай вобласці, характэрна для ўсіх абласцей. Я хачу, каб вы гэта пачулі і давялі да кожнага губернатара“, — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што на кастрычніцкай нарадзе было акрэсленае “кола праблем, якія не вырашаліся гадамі, пераходзілі ў спадчыну ад аднаго губернатара да іншага і ўрэшце ператварыліся ў сістэмныя“. Тады было вызначана, што “да новага года кіраўніцтва рэгіёну прыме аператыўныя меры па навядзенні парадку”.

Лютаўскую нараду ён тады назваў “першай кантрольнай кропкай“ для новага кіраўніка рэгіёну Рагожніка, каб “ацаніць рэальную сітуацыю і зразумець, ці ёсць станоўчыя зрухі”.

“Губернатар павінен пачынаць з болевых кропак і прыняцця рашэнняў. Трэба прымаць рашэнні. Калі памыліцеся, паправім”, — сказаў палітык.

На нарадзе 24 кастрычніка 2025 года Лукашэнка заявіў, што сітуацыя ў Віцебскай вобласці “сумная — яна горшая, чым дзе-небудзь“.

“Мы не можам спакойна глядзець на рост негатыўных тэндэнцый. Я зраблю ўсё, каб прымусіць вас працаваць, адгаворкі не прымаюцца”, — заявіў ён. Менш чым праз тры месяцы Лукашэнка змяніў кіраўніка вобласці.

Згодна з праведзеным “Позіркам“ аналізам зборніка даных “Асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі за студзень — верасень 2026 года“, прадстаўленых Нацыянальным статыстычным камітэтам, Віцебская вобласць займала: 2-е месца па дынаміцы ўводу ў эксплуатацыю жылля (-2,2% у параўнанні з тым жа леташнім перыядам); дзяліла з Гомельскай вобласцю 3-4-я месцы па прамвытворчасці (+0,3%); 4-е — па інвестыцыях у асноўны капітал (+2,8%); перадапошняе — па сельгасвытворчасці (+2,7%) і рознічным тавараабароце (+7,1%); апошняе — па валавым рэгіянальным прадукце (+0,3%) і аптовым тавараабароце (-29,1%).

Падзяліцца: