Мінск 09:08

На трохдзённых вучэннях у рамках збораў тэрытарыяльных войскаў двух раёнаў Мінскай вобласці адпрацуюць барацьбу з дыверсантамі

Удзельнікі збораў тэрытарыяльных войскаў у Барысаве
Архіўнае фота: "Мінская праўда"

14 верасня, Позірк. Зборы тэрытарыяльных войскаў Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Мінскай вобласці завершацца трохдзённымі камандна-штабнымі вучэннямі (14–16 верасня), вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, мэта вучэнняў палягае ў тым, каб удасканаліць навыкі афіцэраў “па кіраванні падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны”, а таксама навучыць асабовы склад “зладжаным дзеянням пры вырашэнні ўскладзеных на іх задач”.

“Асаблівая ўвага будзе нададзеная ўзаемадзеянню тэрытарыяльных войскаў з органамі ўнутраных спраў, падраздзяленнямі ўнутраных войскаў, а таксама атрадамі народнага апалчэння падчас аховы важных аб’ектаў, забеспячэння ваеннага становішча і барацьбы з дыверсійнымі групамі праціўніка”, — адзначыла Мінабароны.

Зборы тэрытарыяльных войскаў у згаданых раёнах Мінскай вобласці пачаліся 25 жніўня; у Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці — 26 жніўня; у Гомелі, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах Гомельскай вобласці, а таксама ў Заводскім раёне Мінска — 1 верасня.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

На гэтым фоне рэжым Аляксандра Лукашэнкі амаль бесперапынна праводзіць ваенныя зборы, вучэнні, трэніроўкі.

Падзяліцца: