Мінск 20:54

Рыжанкоў зрабіў акцэнт на санкцыях, выступаючы на саміце БРІКС у Нью-Дэлі

Фота: МЗС

13 верасня, Позірк. Арганізацыя БРІКС “імкліва становіцца адным з найбольш аўтарытэтных інстытутаў сусветнай большасці і глабальнай аб’яднаўчай сілай, якая актыўна фарміруе справядлівы светапарадак”, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, выступаючы 13 верасня ў Нью-Дэлі на саміце БРІКС.

Як адзначае прэс-служба МЗС, Рыжанкоў узяў слова на адкрытым пасяджэнні саміту на тэму “Устойлівасць, інавацыі, супрацоўніцтва і доўгатэрміновае развіццё: фарміруючы будучыню для інклюзіўнага глабальнага росту”.

Развіццё арганізацыі, паводле слоў кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, “сустракае жорсткае супраціў”: “Мы назіраем усё большы ціск на краіны БРІКС з боку тых, хто працягвае імкнуцца да глабальнага дамінавання. Нас пастаянна спрабуюць запалохаць санкцыямі, эканамічнымі, гандлёвымі і фінансавымі абмежаваннямі, нелегітымнымі тарыфамі і іншымі мерамі прымусу”.

“Падобная напышлівая палітыка дыктату не здольная прапанаваць свету гуманную і спарадкаваную мадэль развіцця, у якой ён сёння мае патрэбу. Дзейнасць нашага аб’яднання не нясе ніякай пагрозы. Нашы намеры носяць выключна мірны і стваральны характар. Безумоўна, адной са сваіх мэтаў мы бачым рэфармаванне сістэмы глабальнага кіравання і ўзмацненне ролі сусветнай большасці ў прыняцці рашэнняў. Менавіта такі інклюзіўны падыход жыццёва важны для ўстойлівага развіцця ўсёй планеты”, — сказаў Рыжанкоў.

“Канфліктны патэнцыял”, дадаў ён, нарастае ў свеце “з кожным днём”. “Ва ўмовах, калі нават нормы міжнароднага права пачынаюць успрымацца як перажытак мінулага, прынцыпова важна захоўваць прыхільнасць прынцыпам раўнапраўя і непадзельнай бяспекі”, — адзначыў міністр.

“Каб не дапусціць перарастання ачагоў напружанасці ў поўнамаштабную вайну, неабходная новая сістэма, здольная гарантаваць баланс сіл”, — заявіў ён.

Гаворачы аб міжнародным праве і аб рызыцы “поўнамаштабнай вайны”, Рыжанкоў не згадаў пра падтрыманую Мінскам расійскую агрэсію ва Украіне — найбуйнейшы ваенны канфлікт у Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай.

18-ы саміт БРІКС праходзіць у Нью-Дэлі (Індыя) 12–13 верасня.

Мінск, падаўшы заяўку на ўступленне ў БРІКС у 2023 годзе, у студзені 2025-га атрымаў статус дзяржавы — партнёра аб’яднання.

У 2006 годзе Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фармавання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнай супрацы. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.

У 2011-м садружнасць БРІК была перайменаваная ў БРІКС пасля далучэння Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (С — South Arfica).

Ад пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” ў назве апускаюць), калі ў яе прынялі Іран, Саудаўскую Аравію, Егіпет, Эфіопію і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.

У студзені 2025 года паўнапраўным членам арганізацыі была абвешчаная Інданезія.

У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісау, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморскія Астравы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда ды Уругвай.

Беларусь на саміце БРІКС у Нью-Дэлі прадстаўляе Рыжанкоў — на сустрэчы з індыйскім калегам абмеркаваны графік візітаў на найвышэйшым узроўні

12 верасня, Позірк. На падставе даручэння Аляксандра Лукашэнкі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 12 верасня прыбыў у Індыю для ўдзелу ў 18-м саміце БРІКС (12–13 верасня, Нью-Дэлі), паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі. Адзначаецца, што на палях форуму ўжо адбылася яго сустрэча …
Падзяліцца: