Мінск неўзабаве чакае разгляду сваёй заяўкі на ўдзел у Новым банку развіцця — Рыжанкоў

12 верасня, Позірк. Улады Беларусі ганарацца тым, што краіна мае статус дзяржавы — партнёра БРІКС, заявіў журналістам на палях саміту арганізацыі 12 верасня ў Нью-Дэлі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.
Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзяць дзяржаўныя СМІ, гэты статус дазваляе Мінску “наблізіцца да пулу ключавых краін глабальнай большасці, якія ўсё больш пачынаюць удзельнічаць у выбудоўванні сусветнай палітыкі і эканомікі”.
“Цяпер мы робім акцэнт на развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы, накіравалі сваю заяўку і чакаем у найбліжэйшы час яе разгляду і прыняцця станоўчага рашэння наконт удзелу ў Новым банку развіцця БРІКС. Лічым, што гэта будзе добрая магчымасць для рэалізацыі інвестпраектаў у нашай краіне”, — заявіў кіраўнік МЗС.
Пазней прэс-служба знешнепалітычнага ведамства паведаміла, што Рыжанкоў сустрэўся з прэзідэнтам НБР Дылмай Русеф і “пацвердзіў намер Беларусі завяршыць працэс свайго далучэння да банка”.
У прынятай 12 верасня Нью-Дэлійскай дэкларацыі лідары краін БРІКС заявілі пра падтрымку “далейшага пашырэння членства ў Новым банку развіцця і паскоранага разгляду заявак зацікаўленых краін БРІКС у адпаведнасці з Агульнай стратэгіяй НБР і звязанымі з ёй правіламі”.
Адпаведны пункт дакумента, верагодна, звернуты да паўнапраўных членаў аб’яднання (да банка пакуль афіцыйна не далучыліся 4 з 11 удзельнікаў БРІКС — Іран, Інданезія, Саудаўская Аравія і Эфіопія). У той жа час членамі НБР ужо з’яўляюцца Узбекістан — краіна ў статусе партнёра БРІКС, а таксама Алжыр і Бангладэш, якія пакуль не маюць ніякага статусу ў аб’яднанні.
Лідары БРІКС у дэкларацыі прызналі Новы банк развіцця “ключавым інстытутам” аб’яднання, “які садзейнічае ўстойліваму развіццю, скарачэнню няроўнасці і ўмацаванню ўстойлівасці краін з эканомікай у працэсе фармавання”. Яны заклікалі НБР “і надалей прыкладаць намаганні для паслядоўнага пашырэння сваіх магчымасцяў па мабілізацыі рэсурсаў, садзейнічання інавацыям, пашырэння фінансавання ў нацыянальных валютах, дыверсіфікацыі крыніц фінансавання і падтрымкі значных праектаў, якія спрыяюць устойліваму развіццю, скарачэнню няроўнасці, інвестыцыям у інфраструктуру і эканамічнай інтэграцыі”.
Пагадненне аб заснаванні НБР пяць краін БРІКС — Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР — падпісалі 15 ліпеня 2014 года, яно набыло моц 3 ліпеня 2015-га. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Шанхаі.
Банк створаны для фінансавання інфраструктурных праектаў і праектаў устойлівага развіцця ў краінах з эканомікай у працэсе фармавання, і краінах на шляху развіцця. Адной з яго ключавых асаблівасцяў называецца імкненне фінансаваць праекты ў тым ліку ў нацыянальных валютах краін-пазычальнікаў.
Мінск, які падаў заяўку на ўступленне ў БРІКС у 2023 годзе, атрымаў статус дзяржавы — партнёра аб’яднання ў студзені 2025-га.
У 2006 годзе Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фармавання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнай супрацы. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.
У 2011-м садружнасць БРІК была перайменаваная ў БРІКС пасля далучэння Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (С — South Arfica).
Ад пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” ў назве апускаюць), калі ў яе прынялі Іран, Саудаўскую Аравію, Егіпет, Эфіопію і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.
У студзені 2025 года паўнапраўным членам арганізацыі была абвешчаная Інданезія.
У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісау, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморскія Астравы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда ды Уругвай.

- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНа Вентотэнскай канферэнцыі Ціханоўская заклікала падтрымліваць барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі дзеля міру ў ЕўропеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першую дэкаду верасня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 554 спробы парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка


