Мінск 21:16

Ухвалены праект пагаднення з Мальдывамі аб узаемным скасаванні віз

Віла на Мальдывах
Ілюстрацыйнае фота: Rayyu Maldives / unsplash.com

10 верасня, Позірк. Праект міжурадавага пагаднення з Мальдывамі аб узаемным скасаванні віз ухваліў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 10 верасня яго прэс-служба.

Згодна з дакументам, грамадзяне Беларусі і Мальдываў змогуць “уязджаць, выязджаць і ехаць транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншага боку без віз”. Пры гэтым працягласць бязвізавага знаходжання не мае перавышаць 30 дзён з даты ўезду і 90 дзён на працягу каляндарнага года.

Міністэрства замежных спраў упаўнаважанае правесці перамовы па праекце пагаднення і падпісаць дакумент.

Сёлета ў лютым Беларусь наведваў намеснік міністра замежных спраў Мальдыўскай Рэспублікі Махамед Вішам.

Прэс-служба МЗС Беларусі тады паведаміла, што на сустрэчы дыпламата з першым намеснікам міністра Сяргеем Лукашэвічам “бакі адзначылі важнасць істотнай актывізацыі супрацы па такіх перспектыўных кірунках, як пастаўкі беларускага харчавання і абсталявання, турызм, медыцына і адукацыя”.

Паведамлялася таксама, што бакі дамовіліся каардынаваць пазіцыі знешнепалітычных ведамстваў і рэалізоўваць “далейшыя сумесныя крокі”, скіраваныя на “развіццё палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і дагаворна-прававой базы”.

Мальдывы — самая маленькая па плошчы дзяржава ў Азіі, а таксама найбуйнейшая каралавая дзяржава свету.

Падзяліцца: