Мінск 11:13

КДК паведаміў пра “шматлікія факты карупцыі” на прадпрыемствах водазабеспячэння — сума хабараў перавысіла 140 тыс. рублёў

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

9 верасня, Позірк. “Шматлікія факты карупцыі ў сістэме водаправоднай гаспадаркі” выяўленыя супрацоўнікамі Камітэта дзяржкантролю (КДК) і Генеральнай пракуратуры. Пра гэта 9 верасня паведаміла прэс-служба КДК.

“Устаноўлена, што службовыя асобы трох камунальных прадпрыемстваў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей, якія аказваюць паслугі па водазабеспячэнні і водаадвядзенні, сістэматычна атрымлівалі грашовыя сродкі ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за лабіраванне іх інтарэсаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Грошы, як сцвярджаецца, перадаваліся за “бесперашкоднае заключэнне дагавораў, прадастаўленне аб’ектаў будаўніцтва і тэхнікі, а таксама своечасовую аплату выкананых работ”.

Паводле даных КДК, у сярэднім сума хабараў складала каля 2% ад кошту выкананых работ або пастаўленага абсталявання. “У агульнай складанасці службовыя асобы камунальных прадпрыемстваў атрымалі ў якасці хабараў звыш 140 тыс. рублёў”, — паведамляе камітэт.

Па фактах атрымання хабараў у дачыненні да чатырох службовых асоб дзяржпрадпрыемстваў распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1–3 арт. 430 КК.

Падкрэсліваецца, што фігуранты “даюць прызнальныя паказанні і супрацоўнічаюць са следствам”.

Падзяліцца: