Мінск 23:09

Лукашэнка ўпісаў “процідзеянне экстрэмізму” ў сваю дырэктыву аб грамадскай бяспецы і дысцыпліне

8 верасня, Позірк. “Процідзеянне экстрэмізму” пералічана сярод прыярытэтаў дзяржавы ў абноўленай дырэктыве Аляксандра Лукашэнкі № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.

Як паведамляе яго прэс-служба, змены ў дакумент унесены ўказам ад 8 верасня.

Таксама прыярытэтамі ўладаў названыя ахова грамадскага парадку, “забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі”, процідзеянне незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, “кантроль знешніх міграцыйных працэсаў”, абарона насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый і грамадзянская абарона, бяспека дарожнага руху, экалагічная бяспека, “санітарна-эпідэміялагічная памыснасць насельніцтва” і бяспека працы.

Першапачатковая версія дырэктывы была падпісаная 11 сакавіка 2004 года. Змены ў яе ўносіліся праз 11 гадоў — указам ад 12 кастрычніка 2015 года № 420.

Дырэктыва афіцыйна лічыцца “асаблівым відам нарматыўна-прававога акта праграмнага характару”, які выдаецца для “сістэмнага вырашэння найважнейшых палітычных, эканамічных і сацыяльных задач”.

Абвінавачанні ў экстрэмізме актыўна выкарыстоўваюцца ўладамі ў дачыненні да сваіх апанентаў, у тым ліку для крымінальнага пераследу. Масавыя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі больш за шэсць гадоў. 

Падзяліцца: