Мінск 19:04

Генпракурор Беларусі і амбасадар Грузіі абмеркавалі супрацоўніцтва “ў крымінальна-прававой сферы”

2 верасня, Позірк. “Усямерна ўмацоўваць супрацоўніцтва на карысць абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян абедзвюх дзяржаў” дамовіліся генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара і амбасадар Грузіі ў краіне Гіоргі Саганелідзэ на сустрэчы ў Мінску 2 верасня, паведамляе беларуская Генпракуратура.

Абмяркоўвалася супрацоўніцтва “ў крымінальна-прававой сферы”.

Гара праінфармаваў “аб стане беларуска-грузінскага ўзаемадзеяння ў галіне аказання ўзаемнай прававой дапамогі па крымінальных справах, перадачы крымінальных вытворчасцей для ажыццяўлення пераследу, а таксама экстрадыцыі асоб, якія ўчынілі злачынствы”.

29 жніўня паведамлялася аб сустрэчы Саганелідзэ са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігарам Сергеенкам.

Двума днямі раней міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў абмеркаваў з Саганелідзэ “перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў сферы медыцыны”.

22 ліпеня пасол Беларусі Мікалай Рагашчук сустракаўся са старшынёй камітэта па міжнародных адносінах парламента Грузіі Нікалазам Самхарадзэ.

Беларуска-грузінскі бізнес-форум адбыўся 5 чэрвеня ў рамках выставы “Белагра-2026” у Мінску.

У сярэдзіне сакавіка намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юры Шулейка сустрэўся ў Тбілісі з кіраўніком грузінскага ўрада Іракліем Кабахідзэ. На перагаворах субяседнікі разгледзелі “актуальныя пытанні двухбаковага партнёрства, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы”.

У гэты ж час намеснік міністра замежных спраў Беларусі Павел Уцюпін сустрэўся са сваім грузінскім калегам Аляксандрам Хвтысіяшвілі. Бакі абмяркоўвалі двухбаковыя адносіны, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і інш.

26 траўня Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Грузіі Міхеіла Кавелашвілі з Днём незалежнасці, выказаў надзею на “актывізацыю ўсебаковага ўзаемадзеяння” дзвюх краін, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і культурнай сферах.

Грузія стала адной з асноўных краін знаходжання беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазней. У той жа час мясцовыя ўлады не задаволілі ніводнага іх хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку. З дэмакратычнымі сіламі Беларусі Грузія фактычна не супрацоўнічае.

У 2025 годзе мясцовыя ўлады ўзмацнілі жорсткасць міграцыйнага заканадаўства — пасля затрымання замежнікаў, перш за ўсё грамадзян РФ, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў-2024 і адмовы правячай прарасійскай партыі “Грузінская мара” ад курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам. Сярод затрыманых быў беларус Яўген Муравіцкі, якому пасля вызвалення ўдалося вылецець у Літву.

Падзяліцца: