Мінск 22:23

Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі з рэйсамі ў РФ: Дронаў у небе будзе столькі, што з гэтым давядзецца лічыцца

Ілюстрацыйнае фота: William Hook / unsplash.com

1 верасня, Позірк. Неба над Расіяй “робіцца цалкам небяспечным”, заявіў 1 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

“Сёння мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая выкарыстоўвае расійскую паветраную прастору, кожнага страхоўшчыка, усіх, хто па-ранейшаму карыстаецца ключавымі расійскімі аэрапортамі: Украіна не пагражае грамадзянскай авіяцыі як такой — ніводнаму грамадзянскаму самалёту. Проста дронаў у небе Расіі будзе столькі, што з гэтым давядзецца лічыцца. Хоць расійскія ўлады не паведамляюць пра гэта належным чынам, расійскае неба дэ-факта будзе закрывацца: вайна, развязаная Расіяй, закрывае яе неба”, — адзначыў палітык.

Зяленскі падкрэсліў, што Украіна не хоча гібелі нявінных людзей, таму загадзя папярэджвае пра небяспеку.

“Важна, каб гэта пачулі амбасадары дзяржаў, якія працуюць тут, ва Украіне, і амбасадары, якія працуюць у Маскве, — сказаў ён. — Кожны з іх дакладна ведае, што азначае расійская вайна для нашай краіны і нашых людзей, і павінен данесці гэтую інфармацыю да сваіх сталіц. Важна, каб гэта пачулі адпаведныя авіякампаніі, якія цяпер лётаюць у аэрапорты перш за ўсё Масквы, Пецярбурга і па іншых ключавых расійскіх кірунках”.

Палітык паведаміў, што Міністэрства замежных спраў Украіны і адпаведныя ўкраінскія ўстановы перададуць міжнародным структурам поўную інфармацыю пра небяспекі ў расійскай паветранай прасторы. Ён падкрэсліў, што “грамадзянскай авіяцыі сярод дронаў не месца”.

Паведамленне Зяленскага непасрэдна тычыцца грамадзян Беларусі. З Мінска ў расійскія гарады цяпер выконваецца значны аб’ём прамых авіярэйсаў. Згодна з раскладам на канец жніўня — пачатак верасня, з нацыянальнага аэрапорта Мінск маюцца прамыя зносіны амаль з двума дзясяткамі расійскіх гарадоў.

Толькі ў Маскву выконваецца каля 12 рэйсаў на дзень. Самалёты з Мінска лётаюць у Санкт-Пецярбург, Калінінград, Казань, Екацярынбург, Сочы, Махачкалу, Уфу, Самару, Перм, Чэлябінск, Мінеральныя Воды, Чарапавец, Чэбаксары, Мурманск, Петразаводск ды іншыя расійскія гарады. Частка гэтых маршрутаў сезонныя або выконваюцца некалькі разоў на тыдзень.

З палётамі над Расіяй звязаныя і міжнародныя кірункі.

З Мінска ў Грузію выконваюцца прамыя рэйсы нацыянальнага авіяперавозчыка “Белавія” — у Тбілісі, Кутаісі, Батумі. Згодна з інфармацыяй “Позірку”, некаторыя рэйсы выкарыстоўваюць паветраныя эшалоны над тэрыторыяй Расіі. Паводле слоў пасажыркі, якая лётала ў чэрвені ў Грузію з Мінска, праз дроны мяняўся маршрут, што павялічыла час палёту прыкладна на 40 хвілін.

Маршруты з Мінска ў Егіпет і Турцыю таксама пралягаюць праз паветраную прастору Расіі.

Праз закрыццё паветранай прасторы ў еўрапейскай частцы Расіі ўначы і ранкам 30 жніўня не ажыццяўляліся вылеты з мінскага аэрапорта.

Як сведчыла анлайн-табло, былі затрыманыя рэйсы ў Маскву, Ніжні Ноўгарад (РФ), Тэль-Авіў (Ізраіль), Анталью (Турцыя), Хургаду (Егіпет), Кутаісі (Грузія).

У другой палове дня затрымаліся рэйсы ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Анталью.

РФ часта закрывае асобныя тэрыторыі для палётаў грамадзянскіх суднаў праз атакі украінскіх дронаў, якія запускаюцца ў адказ на расійскія бамбаванні.

10 жніўня кампанія “Белавія” папярэдзіла пра змены ў плане палётаў “у сувязі з абмежаваннямі на выкарыстанне паветранай прасторы Расіі”. Пра тое, што гэта звязана з вайной РФ супраць Украіны, не гаварылася.

Падзяліцца: