Мінск 22:05

Латвійскія пагранічнікі знайшлі беспілотнік з буйной партыяй кантрабандных беларускіх цыгарэт

Фота: rs.gov.lv

31 жніўня, Позірк. Аб выяўленні ў Аўгшдаўгаўскім краі дрона з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі паведаміла 31 жніўня Дзяржаўная памежная ахова (ДПА) Латвіі.

Беспілотнік быў знойдзены 30 жніўня пры абследаванні памежнай паласы ў населеным пункце Дземене каля мяжы з Беларуссю. Да яго ніжняй часткі была прымацаваная прастакутная скрынка, абгорнутая ў белую поліэтыленавую плёнку, з кантрабанднымі цыгарэтамі.

Паведамляецца, што ўсяго памежнікі канфіскавалі 15 тыс. цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

ДПА паведаміла аб пачатку працэсу па ч. 1 арт. 190 Крымінальнага закона за кантрабанду ў буйным памеры.

8 чэрвеня ДПА паведамляла, што два дні да таго ў воласці Вецаліена Аўгшдаўгаўскага краю быў знойдзены метэазонд, да якога была прымацаваная ўпакоўка з 20 тыс. цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

У Латвію, у адрозненне ад Літвы, Беларускія кантрабандныя цыгарэты паветраным шляхам перакідваюцца рэдка.

Падзяліцца: