Мінск 00:03

У Мінску адкрылася амбасада М’янмы

Фота: sb.by

21 жніўня, Позірк. Амбасада М’янмы адкрылася ў сталіцы Беларусі 21 жніўня — у рамках візіту ў краіну прэзідэнта Мін Аун Хлайна.

Як паведамляюць дзяржСМІ, міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў гэтую падзею “новай старонкай у гісторыі [двухбаковых] дыпламатычных стасункаў”.

У цырымоніі таксама ўзяў удзел кіраўнік МЗС краіны У Цін Маўн Све. Адрас дыпмісіі не называецца.

Дыпламатычныя стасункі паміж М’янмай і Беларуссю былі ўстаноўленыя 22 верасня 1999 года. На краіну распаўсюджваецца мандат беларускай амбасады ў В’етнаме.

У Беларусі ёсць “усе тэхналогіі“, каб “сёння і заўтра дапамагчы, навучыць, забяспечыць усім неабходным м’янманскі народ”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Мін Аун Хлайнам 21 жніўня.

Яны таксама размаўлялі напярэдадні. Падрабязнасці не прыводзіліся. Паводле слоў Лукашэнкі, “закраналіся пытанні, якія, на жаль, не агучыш і публічна не абмовіш”.

У Мінску 20 жніўня адбыўся беларуска-м’янманскі бізнес-форум. Дэлегацыя з Нейп’іда сустракалася з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным, спікерамі палат Нацыянальнага сходу Ігарам Сяргеенкам і Наталляй Качанавай (створана група дружбы па супрацоўніцтве з парламентарыямі М’янмы).

Лукашэнка наведваў з афіцыйным візітам гэтую азіяцкую краіну 27-28 лістапада 2025 года.

Сёлета ён таксама быў у М’янме — 2 ліпеня.

18 чэрвеня Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення Беларусі і М’янмы аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

25 траўня Мінск наведаў міністр абароны М’янмы Туна Аунга.

3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў Мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны парламентам (у той жа дзень).

Кіраўнік М’янмы — лідар хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзярждарадцы Аун Сан Су Чжы (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру), яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.

Пераварот выклікаў масавыя пратэсты. Яны перараслі ў грамадзянскую вайну, якая працягваецца дагэтуль.

Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.

27 лістапада 2024 года пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (Гаага) Карым Хан запытаў выдачу ордэра на арышт Мін Аун Хлайна. Ён абвінавачваецца ў злачынствах супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю і іншыя віды пераследу мусульман-рахінджа.

Гл. таксама па тэме:

Наличка — самолетом? Почему Минск так ухватился за сотрудничество с отсталой Мьянмой (на рускай мове)

Падзяліцца: