Мінск 17:02

МУС прадухіліла вываз у “суседнюю краіну” 15 тон металу

21 жніўня, Позірк. Аб прадухіленні вывазу з Беларусі чарговай партыі металу паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, падчас агляду паўпрычэпа імі выяўлена больш за 15 т лому каляровага металу на суму каля 50 тыс. рублёў. Суправаджальных дакументаў на груз у кіроўцы — 23-гадовага жыхара Оршы (Віцебская вобласць) — не было.

“Кіроўца прызнаўся, што перавозіў груз з Беларусі ў суседнюю краіну за грашовую ўзнагароду і меў зносіны з заказчыкам у закрытых чатах месенджара”, — гаворыцца ў паведамленні.

У дачыненні да мужчыны складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку вывазу з Беларусі лому і адходаў чорных і каляровых металаў. Яму пагражае буйны штраф і канфіскацыя прадмета правапарушэння.

16 жніўня МУС паведаміла аб прадухіленні вывазу партыі металу. Адзначалася, што супрацоўнікі ведамства спынілі ў Мінскай вобласці грузавік, якім “кіраваў 39-гадовы жыхар суседняй краіны”.

18 жніўня паведамлялася, што 54-гадовы жыхар Віцебскай вобласці спрабаваў вывезці з Беларусі 19 тон металу ў “суседнюю дзяржаву”.

Фармулёўку аб “суседняй краіне” беларускія сілавыя ведамствы выкарыстоўваюць рэгулярна, каб не ўказваць на прыналежнасць фігурантаў правапарушэнняў да Расіі.

Падзяліцца: