Мінск 13:59

Анансаваная нарада пра “найважнейшыя інвестпраекты” Беларусі за мяжой — Лукашэнка незадаволены дынамікай

Ілюстрацыйнае фота: трактор.бел

18 ліпеня, Позірк. Пра планы правесці нараду “аб ходзе рэалізацыі найважнейшых інвестпраектаў з удзелам Беларусі за мяжой” было заяўлена 18 ліпеня ў Мінску на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком яго адміністрацыі Дзмітрыем Крутым.

“Адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца ў развіццё дамоўленасцяў на найвышэйшым узроўні з ключавымі партнёрамі ў Азіі і Афрыцы, у тым ліку па выніках нядаўняй комплекснай камандзіроўкі Аляксандра Лукашэнкі, — паведамляе прэс-служба палітыка. — Кіраўнік дзяржавы лічыць недастатковай дынаміку рэалізацыі шэрагу намечаных праектаў, якія патрэбныя, каб замацавацца на новых рынках”.

На сустрэчы таксама было заяўлена, што пры разглядзе кадравых пытанняў “асноўны ўпор будзе зроблены на мясцовую вертыкаль улады”. Бакі абмеркавалі “кандыдатуры, якія ўносяцца на разгляд”.

“Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і надалей будзе рабіцца сур’ёзны ўпор на перанос кіраўнічага ціску ўніз — на ўзровень старшынь райвыканкамаў. Гэта звязана з мерамі па падвышэнні іх ролі і паўнамоцтваў у развіцці таго ці іншага раёна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Шмат у чым страціўшы заходнія рынкі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і распачатых пасля іх масавых рэпрэсій, а таксама з прычыны падтрымкі Масквы ў развязанай ёю вайне супраць Украіны ў 2022-м, рэжым Лукашэнкі стаў арыентавацца на рынкі Расіі і краін “далёкай дугі”. Цяперашняя спроба актывізаваць эканамічную супрацу з краінамі Азіі і Афрыкі адбываецца на фоне пагаршэння сітуацыі з эканомікай РФ.

Падзяліцца: