Мінск 20:02

Механік гаража мінскага прадпрыемства асуджаны за крадзеж дэталяў на суму больш як 150 тыс. рублёў

Ілюстрацыйнае фота: rawpixel.com / magnific.com

16 ліпеня, Позірк. Механік гаража транспартнага цэха аднаго з прадпрыемстваў сталіцы прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), паведаміла 16 ліпеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці.

Згодна з інфармацыяй ведамства, суд Маскоўскага раёна Мінска дадаткова пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 500 базавых велічынь (22,5 тыс. рублёў), а таксама пазбавіў яго права на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Разам з тым суд адтэрмінаваў выкананне асноўнага пакарання на 3 гады.

Паводле абвінавачання, з лютага 2017 года па ліпень 2025-га мужчына падаваў заяўкі ў прыватную арганізацыю на набыццё дэталяў да транспартных сродкаў, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства. Пасля “з мэтай завалодання маёмасцю прадпрыемства перадаваў таварасуправаджальныя дакументы ў бухгалтэрыю для апрыходавання атрыманых дэталяў ад прыватнага прадпрыемства”. Аднак дэталі ён на склад не перадаваў.

У далейшым мужчына, як сцвярджаецца, “складаў патрабаванні, якія з’яўляюцца падставай да выдачы дэталяў са склада, а таксама акты на выдаткі матэрыялаў, якія змяшчаў у справаздачу і перадаваў у бухгалтэрыю”.

“У сувязі з існымі давернымі стасункамі з членамі камісіі па спісанні таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, дэфектыўныя акты і акты на спісанне дэталей члены камісіі падпісвалі, не правяраючы дакладнасць пазначаных у іх звестак. Самі дэталі і іншую маёмасць абвінавачаны пакідаў сабе для асабістага карыстання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што такім чынам механік прысабечыў дэталяў на суму, якая перавышае 150 тыс. рублёў.

На судзе мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Прыгавор набыў моц.

Падзяліцца: