Мінск 18:55

Першы намеснік міністра абароны Азербайджана азнаёміўся з паркам беспілотнікаў беларускай арміі

Беларускі дрон — частка комплексу супрацьдзеяння беспілотнікам "Міратворац"
Ілюстрацыйнае фота: А. Крываносаў / "Ваенная справа"

16 ліпеня, Позірк. У рамках візіту ў Беларусь першы намеснік міністра абароны Азербайджана — начальнік Генеральнага штаба Керым Веліеў наведаў 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду і 927-ы цэнтр падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў.

Прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 16 ліпеня, што госць азнаёміўся з “задачамі, навучальна-матэрыяльнай базай, парадкам падрыхтоўкі вайскоўцаў”.

Азербайджанскаму военачальніку былі прадэманстраваныя ўзоры ўзбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні згаданых вайсковых часцей.

Пра прыбыццё Веліева ў Беларусь стала вядома 13 ліпеня.

Вайсковая супраца Мінска і Баку фактычна ляжыць у аснове пагаршэння стасункаў Беларусі і Арменіі — яе фармальнай саюзніцы па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Прычынай стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне і перайшла пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння АДКБ, папракнуў вайскова-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, кіраўнік армянскага ўрада недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

Канфлікт абвастрыўся пасля інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія” ў 2024 годзе, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

Падзяліцца: