Мінск 21:05

ДАІ адзначае рост у 2026 годзе на 25% колькасці ДТЗ з удзелам дзяцей

Ілюстрацыя: mvd.gov.by

16 ліпеня, Позірк. На 25% — з 32 да 40 — вырасла колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх у студзені — траўні 2026 года ў параўнанні з тым жа леташнім перыядам. Колькасць параненых у такіх ДТЗ непаўналетніх павялічылася на 17,6% (з 34 да 40). Такія даныя са спасылкай на Дзяржаўтаінспекцыю МУС прыводзяцца ў матэрыялах для выкарыстання прапагандыстамі і чыноўнікамі ў рамках ліпеньскага “адзінага дня інфармавання насельніцтва“ (звычайна праходзіць у трэці чацвер месяца, у ліпені гэта 16-е чысло).

Тэма дня, у адрозненне ад пераважнай большасці папярэдніх, мала звязана з ідэалогіяй і насаджэннем лаяльнасці рэжыму: “Забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці: ад кібератак да правілаў на дарогах“. Метадычкі традыцыйна падрыхтаваныя НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання для сустрэч з трыма катэгорыямі насельніцтва: моладдзю, інтэлігенцыяй і працоўнымі.

ДАІ адзначае двухразовы (з 10 да 20) рост колькасці параненых у ДТЗ непаўналетніх вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў і на чвэрць (з 8 да 10) — непаўналетніх вадзіцеляў сродкаў персанальнай мабільнасці.

“Галоўным ворагам бяспекі” на аб’ектах Беларускай чыгункі (БЧ) у метадычцы для моладзі названы зацэпінг (праезд на даху або падножцы цягніка). За апошнія тры гады на БЧ траўмавана 11 непаўналетніх.

“Пры гэтым моладзь не разумее небяспеку таго, што можа здарыцца. Гэта не толькі падзенне з цягніка падчас руху, але і ўдар электрычным токам пры праездзе па электрыфікаваным участку, пры спробе заскочыць на дах цягніка з моста, у выніку дотыку або занадта небяспечнага набліжэння да кантактнай сеткі і г.д.”, — пішуць аўтары.

Ідэолагі наракаюць, што “з кожным годам з’яўляюцца ўсё больш экстрэмальныя “захапленні” ў маладзёжным асяроддзі”, “падлеткі часта рызыкуюць здароўем і жыццём, каб даказаць сваю крутасць, атрымаць вострыя адчуванні ці зрабіць непаўторнае фота”.

Пры гэтым распрацоўшчыкі прызнаюць, што аднымі забаронамі праблему не вырашыць, і прапануюць разумную, на іх думку, альтэрнатыву: экстрэмальныя віды спорту, ваенна-спартыўныя клубы і профільныя класы МНС.

Агулам, паводле сцвярджэння ідэолагаў, дзяржава “няньчыцца“ з грамадзянамі па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці “на кожным кроку“ і “мае права чакаць“, што тыя са свайго боку не будуць праяўляць бестурботнасць і безадказнасць, “бо да кожнага чалавека суправаджальніка не прыставіш”.

Падзяліцца: