Мінск 02:44

Сям’я беларусаў звярнулася ў КС Грузіі з просьбай прызнаць неканстытуцыйнымі нормы закона аб міжнароднай абароне

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 13 ліпеня 2026 года ў 10:00

Ілюстрацыйнае фота: Max Kukurudziak / unsplash.com

12 ліпеня, Позірк. Сям’я беларусаў, якая пражывае ў Грузіі, звярнулася ў Канстытуцыйны суд гэтай краіны з хадайніцтвам аб прызнанні неканстытуцыйнымі асобных нормаў закона “Аб міжнароднай абароне”.

Аўтары скаргі (імёны не называюцца з меркаванняў бяспекі) просяць прызнаць неканстытуцыйнымі п. 6 і 7 арт. 32 закона, паведаміў “Позірку” праваабаронца Раман Кісляк. Паводле ягонай інфармацыі, гэта першы зварот беларусаў у КС Грузіі.

Як адзначаюць аўтары хадайніцтва, згаданыя нормы закона прадугледжваюць, што “ў выпадку адмовы пасля паскоранага разгляду заявы аб наданні міжнароднай абароны асоба страчвае статус просьбіта прытулку, прынцып невыдварэння да яе больш не прымяняецца і дапускаецца яе неадкладнае выдварэнне або экстрадыцыя”. Акрамя таго, асоба пазбаўляецца права на юрыдычную дапамогу і вызваленне ад дзяржаўных збораў пры абскарджанні ў судзе.

Паводле меркавання пазоўнікаў, пункты закона, аб якіх ідзе гаворка, супярэчаць п. 1 і 3 арт. 31 (справядлівы судовы разгляд) і арт. 33 (правы замежнікаў і асоб без грамадзянства, уключаючы права на прытулак) Канстытуцыі Грузіі.

Беларусы звяртаюць увагу, што 1 кастрычніка 2025 года набылі моц змены ў законе “Аб міжнароднай абароне”. “Шмат якія змены пагаршаюць становішча просьбітаў прытулку і тых, хто прэтэндуе на гэты статус. Найбольш праблемнае месца гэтага закона — п. 6 і 7 арт. 32: тыя, хто атрымлівае адмову ў статусе бежанца паводле паскоранай працэдуры, пазбаўляюцца статусу просьбіта прытулку і, адпаведна, гарантый невыдварэння”, — паведамілі яны.

“Справа па адмове сям’і ў міжнароднай абароне знаходзіцца на разглядзе ў Тбіліскім гарадскім судзе. І паводле новага закона, нягледзячы на разгляд справы ў судзе, Дэпартамент міграцыі можа затрымаць для дэпартацыі тых людзей, якім было адмоўлена паводле паскоранай працэдуры. Такія выпадкі ўжо былі, таму мы і звяртаемся ў Канстытуцыйны суд”, — адзначыў Кісляк.

“Можа быць паскораная працэдура разгляду запыту на прытулак, ніхто не супраць. Але паскораная працэдура не роўная бяспраўю. Закон не павінен ставіць асобу, якая звярнулася па статус, у бяспраўнае становішча. МУС і парламент Грузіі тут зайшлі занадта далёка. Гэта адзначаюць многія грузінскія міграцыйныя юрысты”, — дадаў праваабаронца.

Паводле яго слоў, Канстытуцыйны суд павінен будзе зарэгістраваць скаргу, наступны этап — прыняцце справы да разгляду, потым — вочны разгляд справы. “Мы спадзяёмся дайсці да гэтай стадыі і пераканаць Канстытуцыйны суд у неканстытуцыйнасці гэтых палажэнняў закона “Аб міжнароднай абароне”, — заявіў Кісляк.

Грузінскія ўлады з 2019 года адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданні прытулку. Гэта вынікае з праведзенага ў траўні “Позіркам” аналізу даных мясцовай паліцыі.

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі праводзіць бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак “Позірку”, заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі аб выдварэнні замежнікаў з надуманых падставаў.

Грузія — “боль беларускіх дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне”, паколькі там “вельмі складаная сітуацыя”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 7 лютага 2026 года ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе.

“Адзінае абяцанне, якое мы змаглі атрымаць ад гэтага ўрада ўскосным шляхам, што беларусаў не будуць дэпартаваць у Беларусь. <…> Яны не будуць даваць прытулак”, — адзначыла Ціханоўская.

1 траўня на V Канферэнцыі беларусаў свету палітык паведаміла “Позірку”, што ў цяперашніх абставінах няма магчымасці дамаўляцца з уладамі Грузіі пра “нейкія крокі па прызнанні пратэрмінаваных пашпартоў або па выдачы “пашпартоў замежніка”.

Падзяліцца: