Мінск 14:40

Памежны камітэт паведаміў пра затрыманне за ўвоз марыхуаны грамадзян Германіі і Францыі, распачатыя крымінальныя справы

Фота: ДПК

1 ліпеня, Позірк. Аб двух фактах перамяшчэння наркотыкаў праз мяжу паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

Першы інцыдэнт адбыўся 27 чэрвеня. У пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль) на аўтамабілі “Міцубісі” прыбыла сям’я з Германіі, адзначае ДПК.

Паведамляецца, што падчас надгляду “службовы сабака праявіў цікавасць да рэчаў 28-гадовага пасажыра”. “У яго сумцы памежнікі выявілі здрабняльнік з рэшткамі рэчыва цёмна-зялёнага колеру. Экспертыза пацвердзіла — знаходка з’яўляецца марыхуанай”, — гаворыцца ў рэлізе.

“У замежніка канфіскавалі дзве электронныя цыгарэты з падазронай вадкасцю (меркавана, алеем канабісу) і блістэр з таблеткамі, на якія таксама зрэагаваў сабака. Гэтыя прадметы цяпер знаходзяцца на экспертызе”, — дадалі ў ДПК.

29 чэрвеня ў гэтым жа пункце пропуску ўвагу памежнікаў прыцягнуў 22-гадовы грамадзянін Францыі, які “перасякаў мяжу на аўтамабілі “Мэрсэдэс” разам са сваімі сваякамі — грамадзянамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга”.

“Службовы сабака паказаў на наяўнасць у яго забароненых рэчываў. Малады чалавек не стаў адмаўляцца і добраахвотна выдаў скрутак з марыхуанай. Аднак пры паглыбленым даглядзе аўтамабіля ў боксе памежнікі знайшлі ў яго сумцы яшчэ і здрабняльнік з рэшткамі наркотыку. Медыцынскі агляд пацвердзіў, што іншаземец ужываў наркатычныя сродкі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

У дачыненні да абодвух затрыманых замежнікаў распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 328 і ч. 1 арт. 3281 КК (першы артыкул тычыцца незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, другі — іх незаконнага перамяшчэння праз мяжу).

“Замежнікі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання <…>. Праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне ўсіх абставінаў таго, што адбылося”, — адзначаецца ў прэс-рэлізе пагранведамства.

Падзяліцца: