Мінск 21:43

СК хапіла трох тыдняў на спецвытворчасць у дачыненні да пецярых удзельнікаў палка Каліноўскага — справа накіраваная ў суд

Калаж: "Вясна"

16 чэрвеня, Позірк. Аб завяршэнні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе пецярых прадстаўнікоў палка імя Кастуся Каліноўскага паведаміў 16 чэрвеня Следчы камітэт.

Справа перададзеная генеральнаму пракурору для накіравання ў суд, адзначае ведамства.

Раней паведамлялася, што 25 траўня СК пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да пяці грамадзян Беларусі.

У спіс увайшлі 37-гадовы Мікалай Бойка, 31-гадовы Юрый Макітаў, былая палітзняволеная, урач 55-гадовая Наталля Нікіціна, 28-гадовая афіцыйная прадстаўніца палка Каліноўскага Крысціна Станкевіч і 41-гадовы Міхаіл Чупрынскі.

Кожнаму з фігурантаў інкрымінаваны шэраг КК, якія выкарыстоўваюцца для палітычнага пераследу: усе абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 285, ч. 2 арт. 2905, ч. 1 арт. 357, розных частак арт. 3611, ч. 1 арт. 3613.

Нікіціна таксама абвінавачваецца паводле арт. 3615, Станкевіч і Чупрынскі — паводле арт. 3615 і паводле ч. 1 арт. 3614 і арт. 3615.

Спецвытворчасць адкрывалася ў Беларусі ў дачыненні да мінімум 176 чалавек.

Гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Яна магчыма па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш. Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачвання, правядзення судоў і канфіскацыі паводле іх рашэння ўласнасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Даведка “Позірку”:

арт. 285 Крымінальнага кодэкса — стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй;

арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;

арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3615 — праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

Падзяліцца: