Мінск 23:33

У Лагойскім раёне пройдзе тэсціраванне сучаснай сістэмы апавяшчэння пра НС

15 чэрвеня, Позірк. Прымяненне “тэхналогіі Cell Broadcast” пры інфармаванні насельніцтва аб надзвычайных сітуацыях будзе пратэставана апоўдні 17 чэрвеня ў Лагойскім раёне (Мінская вобласць), паведамляе прэс-служба МНС.

Як адзначаецца, тэхналогія тычыцца “імгненнай перадачы паведамленняў на мабільныя тэлефоны“: “У адрозненне ад звычайных SMS такія апавяшчэнні прыходзяць [хутчэй] (да 20 секунд) і дазваляюць ахапіць усіх абанентаў у канкрэтнай зоне”.

Сістэма мае тры ўзроўні прыярытэту: тэставыя абвесткі (звычайныя рэгулярныя праверкі — на экране з’явіцца пазнака “Тэст“); папярэджанне аб НС (апавяшчэнне аб небяспечных з’явах надвор’я, рызыках тэхнагенных аварый — тэлефон будзе вібраваць і выдаваць гучны сігнал, нават калі ўключаны бязгучны рэжым, тэкст будзе прадубляваны галасавым паведамленнем); нацыянальнае апавяшчэнне (вышэйшы ўзровень трывогі ў крытычных сітуацыях — гэтыя паведамленні немагчыма заблакаваць або адключыць у наладах тэлефона).

Будзе правераная “праца сцэнарыяў аўтаматычнага запуску абвесткі ў зададзены час”.

Да гэтага МНС рэгулярна праводзіла “планавыя тэхнічныя праверкі” сістэмы інфармавання насельніцтва, падчас якіх ўключаліся электрасірэны, адбываўся перахоп УКХ-FM-вяшчання на тэрыторыі рэгіёнаў.

Падзяліцца: