Мінск і Масква прадказваюць краінам Захаду пагаршэнне ўнутраных сацыяльна-эканамічных і грамадзянскіх праблем

15 чэрвеня, Позірк. Пра “недальнабачную і разбуральную палітыку заходніх эліт, каб дагадзіць сваім палітычным імгненным і кан’юнктурным амбіцыям”, гаворыцца ў апублікаваным 15 чэрвеня сумесным дакладзе міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі “Пра сітуацыю з правамі чалавека ў асобных краінах”.
На думку Мінска і Масквы, у выпадку “захавання абазначаных у дакладзе тэндэнцый” краінам Захаду “варта чакаць далейшага пагаршэння ўнутраных сацыяльна-эканамічных і грамадзянскіх праблем”, выкліканых такой палітыкай.
На гэты раз дакумент прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў 43 краінах свету, уключаючы ўсе краіны Еўропы (у тым ліку часткова прызнанае Косава), а таксама Аўстралію, Новую Зеландыю, ЗША і Японію, і асобна — Еўрапейскі саюз.
Традыцыйна самы вялікі раздзел прысвечаны Украіне — 152 старонкі з 1.769 (у 2025 годзе — 180 з 1.850; у 2024-м — 198 з 1.828). Далей, калі браць пад увагу колькасць старонак, найбольш правы чалавека, паводле версіі аўтараў дакладу, “парушаюць” у Латвіі (101), Эстоніі (91), ЗША (85) і Літве (80).
У частцы Украіны ў дакладзе зноў паўтараецца тэза пра тое, што “ва ўладзе ў Кіеве знаходзіцца адкрыта нацысцкі рэжым, які кіруецца ва ўсім сваім ідэалагічным натхняльнікам з нацысцкай Германіі і на гэтым шляху здзяйсняе незлічоную колькасць найгрубейшых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ва ўсіх сферах грамадскага жыцця”. На думку знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і РФ, “да цяперашняга часу” гэта “цалкам відавочна”.
У Латвіі, як лічаць аўтары даклада, “нацыяналістычна настроеная кіроўная кааліцыя, сфармаваная па выніках парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2022 года, працягвае праводзіць курс на пабудову монаэтнічнай мадэлі дзяржавы, канструюючы пры гэтым паралельную рэальнасць як у паўсядзённым жыцці, так і ў гістарычным мінулым краіны”.
Падобныя прэтэнзіі ў Мінска і Масквы да ўрада Эстоніі, які яны абвінавацілі ў правядзенні “дыскрымінацыйнай палітыкі, скіраванай на ліквідацыю этнічнай, моўнай і нацыянальнай разнастайнасці насельніцтва краіны”.
У Літве ж, як гаворыцца ў дакладзе, “адзначаюцца шматлікія выпадкі абмежавання свабоды выказвання меркаванняў, дыскрымінацыі нацыянальных меншасцяў, перш за ўсё ў адукацыйнай сферы, праявы ксенафобіі і антысемітызму, пераследу з палітычных ды іншых матываў, а таксама ўслаўленне нацызму і ашалелая русафобія”.
Што тычыцца ЗША, то, на думку ўладаў Беларусі і РФ, “з прыходам да ўлады 20 студзеня 2025 года Дональда Трампа ўсе раней прасоўваныя Вашынгтонам “каштоўнасці”, якія апошнія дзесяцігоддзі замацоўваліся ў якасці галоўных не толькі ўнутры Злучаных Штатаў, але і за мяжой, былі абвешчаныя па-за законам і ператварыліся ў “антыкаштоўнасці”. Гэта тычыцца не толькі разнастайнасці “гендараў”, але і стаўлення да самой сутнасці чалавека”.
“Асаблівай увагі”, на думку аўтараў даклада, “заслугоўвае сітуацыя з правамі мігрантаў і ўцекачоў” у краінах ЕС.
“У прыватнасці, міграцыйная палітыка Еўрапейскага саюза, якая з 2015 года перажывае сур’ёзны структурны крызіс, у большасці выпадкаў дэманструе паслядоўны адыход ад дэклараваных гуманітарных прынцыпаў і стандартаў за кошт пастрожання працэдур надання прытулку і ўзмацнення памежнага кантролю. Дэклараваныя механізмы надання абароны і прытулку ў рэальнасці не працуюць. Практыка выправаджэння (пушбэкаў) уцекачоў стала шырока распаўсюджаным інструментам кіравання міграцыяй, а некаторыя краіны ЕС (Літва, Латвія, Польшча) фактычна легалізавалі такія меры”, — звярнулі ўвагу Мінск і Масква.
Пры гэтым у дакуменце нічога не гаворыцца пра міграцыйны крызіс, штучна выкліканы краінамі — суаўтарамі дакладу, які назіраецца, у прыватнасці, на мяжы Беларусі са згаданымі “некаторымі краінамі ЕС”.
Беларускае і расійскае знешнепалітычныя ведамствы параілі заходнім краінам “пазбягаць самаізаляцыі і вярнуцца ў рэчышча цывілізаванага дыялогу са знешнім светам, які сёння, як ніколі, неабходны менавіта Захаду, калі ён не хоча цалкам дыскрэдытаваць сябе ў вачах сваіх выбаршчыкаў і канчаткова страціць сваё месца і ролю ў глабальнай палітыцы і эканоміцы”.
Варта адзначыць, што як Беларусь, так і Расія, класіфікуюцца міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі як краіны з высокім узроўнем абмежаванняў грамадзянскіх і палітычных свабод. У адпаведных глабальных рэйтынгах абедзве дзяржавы традыцыйна знаходзяцца на ніжніх радках.

- Грамадства, ЭканомікаДаныя Белстата: За 5 месяцаў у гадавым вымярэнні цяплічных памідораў стала больш, агуркоў — меншМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаСума наяўных грошай у абароце за пяць месяцаў павялічылася на 12,9% — Нацбанк (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваУ многіх рэгіёнах Беларусі выпарэнне перавышае ападкі — прадстаўніца Інстытута прыродакарыстання НАНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 15 чэрвеня—19 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка

