Мінск 16:34

Двое беларусаў прывезлі з РФ марыхуану — наркотыкі вынятыя на мяжы, распачатыя крымінальныя справы

Фота: прэс-служба ДМК

26 верасня, Позірк. Дзве спробы таемна ўвезці ў Беларусь марыхуану спынілі на мяжы з Расіяй віцебскія мытнікі, паведаміла 26 верасня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, абодва разы на наяўнасць забароненых рэчываў паказалі службовыя сабакі.

Адзначаецца, што ў першым выпадку наркотыкі былі знойдзеныя ў 32-гадовага грамадзяніна Беларусі, які перасоўваўся на мікрааўтобусе “Форд Транзіт”. Загорнутае ў фольгу рэчыва знаходзілася на пасажырскім сядзенні.

У другім выпадку рэчыва было выяўленае ў флаконе дэзадаранту, які ляжаў у асабістых рэчах 29-гадовага беларуса — кіроўцы аўтамабіля “Опель Інсігнія”.

Спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці пасля даследаванняў пацвердзілі, што знойдзеныя ў абодвух выпадках рэчывы — марыхуана.

У дачыненні да грамадзян распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 328¹ КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і (або) дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў або аналагаў). Санкцыя паводле гэтай часткі артыкула — да 4 гадоў абмежавання волі або ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі, са штрафам ці без яго.

Падзяліцца: