Мінск 16:14

Расія вярнула ў Беларусь чарговую партыю корму для жывёл

Фота: Рассельгаснагляд

15 чэрвеня, Позірк. Чатыры тоны “поўнарацыённага дыетычнага корму для дарослых катоў, прызначанага пры нырачнай недастатковасці”, накіравалі назад у Беларусь на мяжы ў Пскоўскай вобласці Расіі спецыялісты Паўночна-Заходняга ўпраўлення Федэральнай службы РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Прычынай стала тое, што груз перамяшчаўся “без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць яго бяспеку і паходжанне”.

Традыцыйна былі аформленыя пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і акт на вяртанне грузу.

2 чэрвеня Рассельгаснагляд паведаміў пра затрыманне ў Смаленскай вобласці “беларускіх аўтамашын, якія перавозілі з Беларусі Расію каля 6 тон фасаваных кармоў для непрадуктыўных жывёл італьянскай вытворчасці”.

Транспартныя сродкі рухаліся па маршруце, “мінуючы афіцыйныя пункты ўвозу імпартных грузаў”. “Пры ажыццяўленні кантролю было высветлена, што ветэрынарныя і таварна-суправаджальныя дакументы на кармы адсутнічаюць. Кіроўцы не змаглі даць інспектарам нагляднага ведамства інфармацыю пра адпраўніка і атрымальніка гэтай прадукцыі”, — адзначыла ведамства.

Пра аналагічныя выпадкі ведамства паведамляла 27 траўня, 30 і 16 красавіка.

Падзяліцца: