Мінск 12:01

У Мінску будуць судзіць 21-гадовую іншаземку, якая распаўсюджвала наркотыкі, будучы цяжарнай

4 чэрвеня, Позірк. Накіраваная ў суд крымінальная справа 21-гадовай іншаземкі, якая, будучы цяжарнай, працавала ў Мінску закладчыцай цягам двух тыдняў, пасля чаго была затрыманая, паведамляе Генеральная пракуратура.

Дзяўчына абвінавачваецца паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Ёй інкрымінаваныя незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозка псіхатропных рэчываў у буйным памеры, учыненыя ў дачыненні да асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў і ў складзе арганізаванай групы.

Устаноўлена, што абвінавачанай у месенджары “Тэлеграм“ ад раней невядомага ёй карыстальніка прыйшла прапанова папрацаваць закладчыкам забароненых рэчываў. Дзяўчына пагадзілася, пасля чаго ёй аплацілі пералёт і пражыванне ў Мінску.

Прыступіўшы да працы, абвінавачаная забрала “майстар-скарб”, у якім знаходзілася каля 17 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва пара-метылэфедрону (мефедрону), якія яна паспела раскласці ў схованках на тэрыторыі Мінска і Мінскага раёна, а таксама каля 600 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP, якое было выяўлена падчас яе асабістага вобшуку.

Дзяўчына, пра затрыманне якой паведамлялася 30 сакавіка, знаходзіцца пад вартай.

У лістападзе 2024 года аб’яднанне BelPol, спасылаючыся на аналітычную даведку МУС, якая трапіла ў яго распараджэнне, адзначала, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія.

Як паведамляў “Позірк“, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных па “наркатычных“ артыкулах Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнана вінаватымі па арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: