Мінск 22:14

Мінск заўсёды падтрымліваў Баку па карабахскім пытанні — віцэ-прэм’ер Азербайджана

Разбурэнні ў Нагорным Карабаху
Архіўнае фота: armenpress.am

2 чэрвеня, Позірк. Мінск заўсёды падтрымліваў Баку па карабахскім пытанні, вынікае з заявы віцэ-прэм’ера Азербайджана Саміра Шарыфава 2 чэрвеня на сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада Аляксандрам Турчыным.

Паводле слоў азербайджанскага чыноўніка, які прыбыў у Мінск, сёння ўзровень узаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі “знаходзіцца на вельмі высокай адзнацы”, іх падмурак “закладзены лідарамі абедзвюх дзяржаў”. Ён адзначыў, што візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан і наведванне ім карабахскай тэрыторыі ў траўні 2024 года былі вельмі важнымі паказчыкамі “таго ўзроўню стасункаў паміж краінамі, які надае дадатковы імпульс” усяму спектру двухбаковай супрацы.

“Ваш візіт, Аляксандр Генрыхавіч [Турчын], у Азербайджан летась, вашыя сустрэчы ў Азербайджане, наведванне таксама Карабаха; пасля гэтага візіт Наталлі Уладзіміраўны (Пяткевіч, віцэ-прэм’ер. — Позірк.), наведванне ёю Карабаха — яны яшчэ раз паказваюць, наколькі Беларусь заўсёды падтрымлівала правільную справу Азербайджана, — заявіў Шарыфаў (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале Савета міністраў). — І ў перыяд акупацыі азербайджанскіх земляў, і ў перыяд пасля таго, як Азербайджан падчас патрыятычнай вайны, айчыннай вайны за 44 дні вызваліў гэтыя тэрыторыі. Цяпер актыўным чынам ідзе рэканструкцыя, аднаўленне гэтых тэрыторый і вяртанне вымушаных перасяленцаў, уцекачоў у свае родныя землі”.

“Мы адчулі вашае сяброўскае плячо — і ў працэсах аднаўлення Карабаха, і сёння, я думаю, мы абмяркуем шляхі далейшага пашырэння супрацы ў сувязі з гэтым”, — дадаў азербайджанскі госць.

Падчас апошняга карабахскага ваеннага канфлікту (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га) улады Беларусі фактычна падтрымалі Азербайджан, а не Арменію — сваю саюзніцу па шэрагу інтэграцыйных утварэнняў. У выніку вайны непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымліваў Ерэван, спыніла існаванне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, папракнуў ваенна-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

У далейшым краіна фактычна спыніла ўдзел у дзейнасці АДКБ, не выходзячы з яе, але паведаміўшы пра такую магчымасць. Пашынян заявіў, што ні ён, ані іншыя прадстаўнікі краіны не прыедуць у Беларусі да тае пары, пакуль Лукашэнка ва ўладзе. Апошні неаднаразова сваімі дзеяннямі і заявамі пацвярджаў, што падтрымлівае Азербайджан і гатовы дапамагчы яму з аднаўленнем здабытых тэрыторый.

8 жніўня 2025 года пры пасярэдніцтве ЗША Пашынян і азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў падпісалі дэкларацыю аб мірных стасунках.

Лукашэнка неаднаразова крытычна выказваўся пра крокі, якія аддаляюць Арменію ад постсавецкіх інтэграцыйных утварэнняў, заклікаў Ерэван вярнуцца ў ранейшае рэчышча стасункаў.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, наадварот, падтрымлівае еўрапейскія памкненні Арменіі. Некалькі разоў яна сустракалася як з армянскім міністрам замежных спраў Араратам Мірзаянам, так і з Пашынянам.

Падзяліцца: