Польшча стала беларускім культурным хабам — Ціханоўская

2 чэрвеня, Позірк. Большасць беларускіх культурных і адукацыйных ініцыятыў, якія дзейнічаюць за мяжой, сёння працуюць з Польшчы, менавіта гэтая краіна “стала <…> галоўным культурным хабам” беларусаў, заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская.
2 чэрвеня палітык у анлайн-рэжыме выступіла на адкрыцці Форума Касцюшкі ў Гданьску (Польшча), які сёлета праходзіць пад дэвізам “Культура як сіла дэмакратыі”.
Ціханоўская заявіла, што падтрымка беларускай культуры, культурных сувязяў і нацыянальнай ідэнтычнасці зараз мае вялікае значэнне з шэрагу прычын: “Па-першае, культура служыць мостам паміж беларусамі па абодва бакі мяжы. Калі сотні тысяч людзей апынуліся ў выгнанні, менавіта праз мову, літаратуру, музыку, тэатр і агульную памяць мы захоўваем сувязь адзін з адным”.
“Па-другое, нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляецца найважнейшым інструментам супраціву “рускаму свету”. Не выпадкова Расія праводзіць гвалтоўную русіфікацыю як у Беларусі, так і на акупаваных тэрыторыях Украіны, — адзначыла палітык. — Па-трэцяе, культура з’яўляецца таксама элементам бяспекі. Моцная нацыянальная ідэнтычнасць робіць грамадства больш трывалым да прапаганды і спробаў знешняга кантролю”.
“І, нарэшце, культура з’яўляецца тым, што звязвае нас з Еўропай. Беларусь гістарычна была часткай еўрапейскай культурнай прасторы і агульнаеўрапейскай спадчыны. Падтрымліваючы культуру, мы ўмацоўваем еўрапейскую ідэнтычнасць беларускага грамадства”, — упэўнена дэмлідар.
Ціханоўская падзякавала Еўрапейскаму цэнтру салідарнасці (ЕЦС) у Гданьску, у якім праходзіць форум, за “гасціннасць у дачыненні да беларускай культуры”, а таксама за “падтрымку беларускіх палітычных зняволеных”.
Словы падзякі дэмлідар адрасавала таксама МЗС Польшчы, уладам Гданьска і Паморскага ваяводства.
“Мы глядзім на Польшчу з захапленнем. Для нас Польшча з’яўляецца прыкладам. Менавіта такой мы хочам бачыць Беларусь: моцнай, свабоднай і квітнеючай. Як некалі Польшча, мы, беларусы, зараз праходзім свой шлях да свабоды”, — сказала яна.
Палітык таксама адзначыла, што “ўдзячная Еўрапейскай камісіі, якая ўжо некалькі гадоў падтрымлівае беларускія культурныя ініцыятывы”, асабліва падзякаваўшы за “унікальную праграму ArtPower”.
“Мне здаецца, што ў Еўрапейскім саюзе з’явілася дакладнае разуменне таго, што культура з’яўляецца не нечым другарадным, а цэнтральным элементам бяспекі. Дзякуй Швецыі, Нідэрландам, Ірландыі, Германіі, а таксама краінам Паўночнай Еўропы і Балтыі, якія падтрымліваюць культурныя праекты і ініцыятывы”, — сказала яна.
Ціханоўская папрасіла польскія ўлады і надалей падтрымліваць беларускія культурныя і адукацыйныя ініцыятывы. У прыватнасці яна заклікала спрасціць механізмы атрымання віз, пашырыць магчымасці для мабільнасці, адукацыйных і культурных абменаў, рэзідэнцый і прафесійнага развіцця.
“Мы не маем дапусціць сітуацыі, пры якой беларускаму творчаму чалавеку прасцей рэалізаваць сябе ў Расіі, чым у Еўропе”, — заявіла спікер.
Папрасіўшы падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, якія жывуць ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы, Ціханоўская таксама заклікала не забываць пра польскую супольнасць у Беларусі. “На жаль, сёння пра яе кажуць занадта мала. Нягледзячы на ціск, пераслед і рэпрэсіі з боку рэжыму, палякі ў Беларусі працягваюць захоўваць сваю ідэнтычнасць і застаюцца важным мастом паміж нашымі народамі”, — сказала яна.
“Давайце памятаць, што ні адна дыктатура не вечная. Усе тыраніі рана ці позна разбураюцца, а сувязі паміж людзьмі застаюцца назаўжды. Я веру, што Украіна пераможа. Беларусы вернуць сабе свабоду. А Польшча зноў адчуе сябе ў бяспецы. І культура адыграе ў гэтым ключавую ролю”, — упэўненая дэмлідар.
На форуме выступілі кіраўніца Еўрапейскага цэнтра салідарнасці Магдалена Містат, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва мэрыі Гданьска, Паморскага ваяводства і МЗС Польшчы.
У рамках форуму таксама прайшла цырымонія ўручэння экс-прэзідэнту Польшчы Леху Валенсу Крыжа Добрасуседства — узнагароды АПК, якая ўручаецца за ўнёсак у наладжванне стасункаў паміж Беларуссю ды іншымі краінамі, а таксама за садзейнічанне дэмакратычным пераменам у Беларусі. Намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка ўручыў узнагароду сыну польскага палітыка — Богдану Валенсу.
Заснавальніку і кіраўніку праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму на форуме ўручаная Узнагарода салідарнасці ЕЦС. Гэтая ўзнагарода — даніна павагі “людзям, самаахвярна адданым абароне правоў чалавека не толькі ў грамадзянскай сферы, але таксама ў культуры, навуцы і адукацыі, за ажыццёўленыя імі гістарычныя пераўтварэнні”.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 30 траўня — 2 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД перавысіла 2,6 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства


