Мінск 21:41

Электразабеспячэнне ўсіх населеных пунктаў, якія пацярпелі ад непагадзі, адноўленае — “Мінскэнерга

28 траўня, Позірк. Электразабеспячэнне ўсіх населеных пунктаў Мінскай вобласці, пацярпелых ад непагадзі, адноўленае, паведамляе прадпрыемства “Мінскэнерга“.

Па стане на 07:30 28 траўня праца працягвалася па “адзінкавым заяўках у класе напружання 0,4 кВ“.

На 6:00 у Віцебскай вобласці ўсе пашкоджаныя лініі электраперадачы былі ўключаныя ў сетку, электразабеспячэнне пацярпелых ад стыхіі населеных пунктаў вобласці адноўленае, паведаміла прадпрыемства “Віцебскэнерга“.

Пры гэтым адзначаецца, што “складаныя ўмовы надвор’я захоўваюцца“. Энергетыкі працягваюць “узмоцнены маніторынг” стану электрасеткавага абсталявання і метэаралагічнай абстаноўкі для “забеспячэння надзейнага і бесперабойнага электразабеспячэння спажыўцоў“.

27 траўня ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я і шквалістым узмацненнем ветру на тэрыторыі Беларусі фіксаваліся падзенні дрэў на лініі электраперадачы з наступным абрывам правадоў. Адключэнне электраэнергіі адбылося пераважна ў Віцебскай і Мінскай абласцях. Паводле даных на 20:00, аднаўленчыя работы вяліся ў 259 населеных пунктах.

Паводле інфармацыі цэнтральнай дыспетчарскай службы “Мінскэнерга”, на 19:00 аднаўленне працягвалася ў 81 населеным пункце сталічнага рэгіёна.

Раней у той жа дзень “Мінскэнерга” паведамляла, што з‑за шквалістага ветру і праліўнога дажджу ў сталічнай вобласці было зафіксавана парушэнне электразабеспячэння больш чым у 200 населеных пунктах. Белгідрамет абвяшчаў на 27 траўня аранжавы ўзровень небяспекі.
Паводле прагнозу сіноптыкаў, 28 траўня на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы, магчымы град. Вецер у многіх раёнах моцны парывісты.

Падзяліцца: