Мінск 21:38

Туск: Анджэй Пачобут у выдатнай форме

Відэа: TVP Info Стоп-кадр: "Позірк"

3 траўня, Позірк. Вызвалены з беларускай турмы журналіст Анджэй Пачобут “ў выдатнай форме”, заявіў у эфіры тэлеканала TVP Info прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Паводле яго слоў, гэта пацверджана праведзенымі ў Варшаве медыцынскімі даследаваннямі былога палітвязня.

Гаворачы аб сумеснай вячэры 2 траўня з Пачобутам і яго жонкай Аксанай, Туск назваў журналіста “незвычайна моцным чалавекам, поўным энергіі”.

“Пані Аксана трохі перажывае, вядома, за яго будучыню, бо ён гатовы да далейшай барацьбы, перш за ўсё, за правы палякаў [у Беларусі]”, — сказаў прэм’ер.

“Анджэй Пачобут усё сваё жыццё прысвяціў абароне інтарэсаў палякаў, якія пражываюць у Беларусі. Ён рызыкаваў жыццём і свабодай, але ён гаварыў пра гэта з такім аптымізмам, што я даўно не меў такой моцнай матывацыі як падчас размовы з Анджэем Пачобутам. Чалавекам, які прасядзеў шмат-шмат гадоў за веру ў свае ідэалы”, — дадаў Туск.

Ён таксама назваў журналіста “выдатнай постаццю”.

Пра сумесную вячэру з сям’ёй Пачобутаў Туск раней паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

“Размаўлялі пра Польшчу, пра свабоду і будучыню”, — напісаў кіраўнік урада.

3 траўня прэзідэнт Караль Наўроцкі ўручыў Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Польшчы.

28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”. Польскаму боку былі передадзеныя журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут (атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці), польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момент вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза (14 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў Расіі і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне“ Уладзіслава Надзейку (быў арыштаваны за перадачу ў Мінск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана (працаваў на беларускі КДБ), расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозвішча пакуль невядомае.

Падзяліцца: