Мінск 13:26

Падазраваны ў кіраўніцтве злачыннай групай у Польшчы беларус затрыманы пры спробе збегчы

Момант затрымання
Фота: strazgraniczna.pl

29 красавіка, Позірк. 34-гадовы грамадзянін Беларусі, які падазраецца ў кіраўніцтве злачыннай групай, што займалася кантрабандай беларускіх цыгарэт у Польшчу з дапамогай метэазондаў, затрыманы з доказамі злачынства пры спробе збегчы.

Як паведаміла 29 красавіка Нацыянальная падатковая адміністрацыя (НПА) Польшчы, затрыманне праводзілі супрацоўнікі Люблінскага мытна-падатковага ўпраўлення і Надбужанскага атрада памежнай аховы Польшчы.

НПА пацвердзіла раней распаўсюджаную Люблінскай акруговай пракуратурай інфармацыю аб тым, што для кантрабанды выкарыстоўвалася 160 метэаралагічных шароў, а група дзейнічала з траўня 2025 года па красавік 2026-га на тэрыторыі Люблінскага, Падляскага і Мазавецкага ваяводстваў.

Таксама пацвярджаецца інфармацыя аб прад’яўленых беларусу абвінавачаннях і адзначаецца, што яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

“Дапытаны ў якасці падазраванага грамадзянін Беларусі часткова прызнаў сваю віну ва ўчыненні падатковага злачынства, якое яму інкрымінуецца”, — паведаміла НПА і падкрэсліла, што “справа развіваецца, не выключаюцца новыя затрыманні“.

Аб затрыманні 34-гадовага грамадзяніна Беларусі Міхаіла С., якога следства лічыць арганізатарам схемы кантрабанды беларускіх цыгарэт, і прад’яўленых яму абвінавачаннях Люблінская акруговая пракуратура паведаміла 27 красавіка.

Падзяліцца: