Мінск 17:13

Жыхар Мазыра абвінавачаны ў катаванні і асабліва жорсткім забойстве жонкі — справа накіраваная ў суд

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкама

30 красавіка, Позірк. У суд Гомельскай вобласці накіраваная справа раней судзімага 42-гадовага жыхара Мазыра, паведаміла 30 красавіка прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, мужчына абвінавачваецца ў катаванні (ч. 1 арт. 154 КК), забойстве з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139), гвалце і пагрозе яго прымянення ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364).

Згодна з матэрыяламі справы, з траўня 2022 года па ліпень 2024-га абвінавачаны, будучы ў нецвярозым стане, дома падчас канфліктаў “сістэматычна наносіў сваёй жонцы пабоі”. Як правіла, “біў жанчыну рукамі па галаве”.

Паведамляецца, што летась у верасні мужчына быў асуджаны за “наўмыснае нанясенне пацярпелай лёгкага цялеснага пашкоджання” (арт. 153). Пакараннем стаў штраф.

“У лістападзе 2025 года нецвярозы абвінавачаны падчас чарговага канфлікту з жонкай на глебе асабістых непрыязных стасункаў нанёс ёй у прысутнасці 11-гадовай дачкі і 10-гадовага сына не менш за 17 удараў нажамі ды іншымі прадметамі па розных частках цела, у тым ліку ў вобласць жыццёва важных органаў. Дзеці ў страху выбеглі з дому, выклікалі органы ўнутраных спраў і схаваліся ў суседкі”, — адзначыла Генпракуратура.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, пры затрыманні абвінавачаны аказаў супраціў.

“Паколькі дзверы былі зачыненыя, участковы інспектар трапіў у кватэру праз акно і запатрабаваў, каб мужчына кінуў нож і лёг на падлогу, — гаворыцца ў паведамленні. — У жаданні пазбегнуць прыцягнення да крымінальнай адказнасці, ігнаруючы законныя патрабаванні праваахоўніка, ён стаў пагражаць супрацоўніку АУС нажом. Пасля кінуў гэты нож ва ўчастковага інспектара і трапіў яму ў бронекамізэльку. Каб спыніць супрацьпраўныя дзеянні, праваахоўнік выкарыстаў табельную зброю. У выніку абвінавачаны быў затрыманы і дастаўлены ў бальніцу”.

Жонка абвінавачанага ад атрыманых пашкоджанняў памерла ў медыцынскай установе. Дзеці цяпер жывуць са сваякамі ў Рэчыцы (Гомельская вобласць). Фігурант справы знаходзіцца пад вартай.

Даведка “Позірку”. Ч. 2 арт. 139 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвага зняволення або смяротнага пакарання.

Падзяліцца: