Мінск 16:00

Бяляцкі і прэм’ер Літвы Ругінене абмеркавалі праваабарончую тэматыку, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці

Фота: Laima Penek / прэс-служба ўрада Літвы

27 красавіка, Позірк. Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, прыцягненне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці і меры ціску міжнароднай супольнасці на Мінск абмеркавалі на сустрэчы 27 красавіка ў Вільнюсе лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага ўрада, прэм’ер запэўніла суразмоўцу, што пазіцыя Літвы застаецца паслядоўнай: “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі маюць спыніцца, усе палітвязні маюць быць вызваленыя”.

У сваю чаргу “Вясна” паведаміла, што Бяляцкі на сустрэчы “падкрэсліў важнасць далейшага выкарыстання механізмаў Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да падзей у Беларусі”. Адзначаецца таксама, што “асаблівая ўвага была нададзеная ціску на Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт [з боку Мінска] і агульнай сітуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі ў краіне”.

Сярод іншага, паводле інфармацыі цэнтра, бакі абмеркавалі “пытанні дзейнасці прафсаюзаў і ўзаемадзеяння з Міжнароднай арганізацыяй працы, <…> інтэграцыі беларусаў, якія вымушана пераехалі ў Літву, <…> эфектыўнасць санкцыйнай палітыкі”.

“Літва застаецца адным з ключавых партнёраў беларускіх дэмакратычных сіл у рэгіёне, забяспечваючы падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў і адукацыйных праектаў”, — адзначыла “Вясна”.

Бяляцкі, паводле інфармацыі цэнтра, таксама сустрэўся з дэпутатам літоўскага Сейма Лаўрынасам Кашчунасам (парламентарый вядомы сваімі ініцыятывамі, скіраванымі на абмежаванне правоў беларусаў у Літве, напрыклад, пра спыненне прыёму заяў на выдачу першага дазволу на жыхарства).

Паведамляецца, што размова была прысвечаная “пытанням дэмакратычнай устойлівасці і абароны правоў чалавека”. Бакі таксама “абмеркавалі важнасць захавання беларускай культуры і ідэнтычнасці ў эміграцыі”.

Сёлета 12 сакавіка Міжнародны крымінальны суд абвясціў, што распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці.

16 красавіка Літва выказала рашучы пратэст Беларусі ў сувязі з рашэннем яе ўладаў абвясціць Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, які працуе ў Вільнюсе з 2004 года, “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

23 красавіка Сейм Літвы падоўжыў да 31 снежня 2027 года нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі.

Падзяліцца: